ТОП просматриваемых книг сайта:
Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Читать онлайн.Название Ордэн Белай Мышы (зборнік)
Год выпуска 2013
isbn 978-985-562-031-1
Автор произведения Уладзімір Арлоў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Я кнігу маю
Издательство Электронная книгарня
Абрам Ізрайлевіч ідзе па праходзе, трымаючыся за сэрца, і на хаду кідае завучу загадкавыя фразы: «Ну хоць бы чэмпіянат вобласці, ну рэспублікі… Але СССР…»
Напіўшыся нейкіх пігулак, дырэктар выходзіць на сцэну. Ягоны заўсёдны інстытуцкі ромбік на мышыным гарнітуры ад хвалявання перакасіўся. У руках у Абрама Ізрайлевіча скручаная ў трубку вялікая паперына. На высокім дырэктаравым ілбе, які неўпрыкмет пераходзіць у шыкоўны плех, застылі тры глыбокія зморшчыны, падобныя да трох чаек, што ўзлятаюць дакладна адна над адною.
– У мяне няма слоў, – пасля трагічна цяглай пярэрвы пачынае дырэктар.
Луіза Сцяпанаўна папраўляе фрызуру, торгае Рыбу за рукаў, і той няўцямна лыпае вачыма, як выцягнуты з дупла на сонца пугач.
– Слухай, зараза! – гучна шэпча інспектарка.
– У мяне няма слоў, – паўтарае Абрам Ізрайлевіч.
Але словы ў яго ўсё ж знаходзяцца.
– Сёння ноччу міліцыя арыштавала вучня нашай школы Рыбчынскага, – грасуючы, гаворыць дырэктар. – Яго ўзялі на месцы злачынства. Справа набывае палітычную афарбоўку.
Абрам Ізрайлевіч падымае таямнічую папяровую трубку да сіняга выгаленага падбароддзя і паволі разгортвае яе. Заля замірае. Чайкі на дырэктаравым ілбе журботна апускаюць крылы.
– Ну і што тут такога? – чуецца ў вусцішы здзіўлены галасок прымадонны школьнага драматычнага гуртка Нінкі Мароз.
Колькі наступных хвілінаў заля калоціцца ад дзікага рогату. Настаўнік фізкультуры Міхаіл Карпавіч Эпштэйн за вуха цягне да выхаду Валодзю Паповіча. У дзвярах вырастае школьны вартаўнік Харытонавіч, што за сталінскім часам працаваў кіроўцам на «варанку» і, кажуць, аднойчы назаўсёды завёз у НКВД уласнага бацьку.
На сцэне ўзвышаецца дырэктар. Цяпер ён нечым нагадвае бачаных па тэлевізары мурынаў-пікетчыкаў, якія за нешта змагаюцца каля Белага дома. У руках у Абрама Ізрайлевіча аб’ява:
ЧЕМПИОНАТ СССР ПО АКАДЕМИЧЕСКОЙ ГРЕБЛЕ
На месцы літар «Г» і «Р» у апошнім слове – вакенца, адкуль выглядае дырэктараў інстытуцкі ромбік.
Прымадонну Нінку, што выконвала на школьнай сцэне ролю Улі Громавай, доўга даводзілі пытаннем, ці ўдзельнічала яна ў чэмпіянаце СССР па гэтым самым акадэмічным відзе спорту. Можна толькі здагадвацца, наколькі пакутліва было чуць такое маціцова-ружовым вушкам са смарагдавымі кропелькамі завушніцаў.
Гэта яна, Нінка, была аўтаркаю славутага выслоўя: «Я буду належаць толькі свайму мужу».
Магчыма, на Нінчына маральнае аблічча наклала адбітак тое, што яна даводзілася дачкою начальніку гарадскога аддзела міліцыі. Таму самаму, што вынайшаў задзвінскія расстрэлы п’яніцаў.
Вынаходка была да геніяльнага простая. Падабраных на вуліцах і ў парку жлуктаў адразу сартавалі. Ляжачых везлі ў выцвярэзнік, а хадзячых збіралі на ўнутраным міліцэйскім падворку побач з клеткамі