ТОП просматриваемых книг сайта:
Ордэн Белай Мышы (зборнік). Уладзімір Арлоў
Читать онлайн.Название Ордэн Белай Мышы (зборнік)
Год выпуска 2013
isbn 978-985-562-031-1
Автор произведения Уладзімір Арлоў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Я кнігу маю
Издательство Электронная книгарня
У сераду маці пагнала мяне ў школу, дзе высветлілася, што Шадурка і праўда паехала на нейкія спаборніцтвы і ў цэлым горадзе нашу таямніцу цяпер ведалі толькі два шкілеты, якія з гэтае прычыны выклікалі ў мяне ледзьве не замілаванне.
Вярнулася Аня за пару дзён да зімовых вакацыяў. Яе з’яўленне ў класе ўразіла нават ціхага дэбіла Дзіму Чыкіна, якога не адпраўлялі ў спецшколу дзеля таго, што ягоны бацька быў дырэктарам аўтарэмзавода. Аня, чаго раней з ёю ніколі не здаралася, па чарзе абыходзіла ўсе сталы і, цалкам ігнаруючы дзяўчынак, з кожным з хлопцаў віталася па імені. «Прывет, Вова, – прамовіла яна такім абыякава-бескалёрным голасам, што мне зрабілася ніякавата. – Прывет, Дзіма, я табе жвачку прывезла…» Гэтую дзіўную працэдуру перапыніў прыход нашага фізіка Юліяна Людзвігавіча, што меў мянушку Кулон.
Далей падзеі разгортваліся надзвычай імкліва. Не паспеў Кулон кагосьці выклікаць, як Шадурка падняла руку. «Што ты хочаш, Аня?» – запытаўся фізік, абсалютна, як і мы, упэўнены, што Аня можа хацець чаго заўгодна, але толькі не ісці да дошкі. «Юліян Людзвігавіч, я малекулы бачу», – усхвалявана абвясціла Аня. Па кабінеце прашамацеў смех, які змяніўся насцярожаным маўчаннем. «Сядай, Шадурка, гэта не смешна», – сказаў Кулон, і ягоная рука з асадкай папаўзла па журнальным спісе.
Аня села, але адразу зноў падняла руку, прычым, быццам першакласніца, якой карціць атрымаць пяцёрку за вывучаны вершык, цягнула яе ўсе вышэй і вышэй. Кулон падняў вочы. «Што яшчэ, Шадурка?» «Юліян Людзвігавіч, я ўжо атамы бачу, захлынаючыся ад радасці, загаварыла Аня. – Чэснае камсамольскае. Вось, вось, лётаюць…» Яна выбегла з-за стала ў праход і паказвала пальцам у паветра. «Нармалёва», – прысвіснуў нехта з «камчаткі». Кулон асцярожна ўзяў Аню пад руку і вывеў з класа.
Аню лекавалі ўсю зіму і вясну: спачатку ў былым бернардзінскім кляштары, дзе перад вайною выбівалі прызнанне ў Юлькі, а ў пяцідзесятыя гады адчынілі абласную вар’ятню, потым – дзесьці ў Падмаскоўі.
У дзесятым класе наша парачка шкілетаў зноў убачыла Аню. Яна ніколі ні з кім не загаворвала. Яе не выклікалі адказваць і вызвалілі ад выпускных экзаменаў. Яна не ездзіла на зборы і чэмпіянаты і прыкметна пакруглела. Паміж сабой мы са шкадобаю называлі яе Малекулай. Мы даўно ведалі, што на апошніх у Аніным жыцці спаборніцтвах пасля п’янкі яе згвалцілі трэнеры. Трох ці чатырох пасля гэтага пасадзілі.
Калі Аня па-ранейшаму бачыла малекулы і атамы, дык вырашыла пра гэта маўчаць. Адзіны чалавек, каму яна магла даверыць сваю таямніцу, быў Мішка Яжэвіч, бо ён, як ні дзіўна, не кінуў з ёю сустракацца і часам чакаў яе пасля ўрокаў на лавачцы каля школьнага саду. Іх разам з памаранчавым намётам бачылі то на дзвінскім беразе за Сафійскім саборам, то ў чыгуначнай лесапасадцы, дзе за год да гэтага знайшлі выкінуты з маскоўскага цягніка поліэтыленавы мех з трупам нетутэйшай жанчыны. Старэйшыя