ТОП просматриваемых книг сайта:
Дыялогі з Богам (зборнік). Валянцін Акудовіч
Читать онлайн.Название Дыялогі з Богам (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-562-011-3
Автор произведения Валянцін Акудовіч
Жанр Поэзия
Серия Я кнігу маю
Издательство Электронная книгарня
Аргумент
Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.
Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага, і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той – з аргументам.
– Куды гэта вы, хлопцы? – шкадуючы, пытаўся ён і пазяхаў так, што нават дурань разумеў: гэты чалавек мае аргумент, і яму няма патрэбы куды б там ні было цягнуцца і недзе нешта шукаць.
Звычайна яму не адказвалі, толькі хіба найбольш стомлены, бывае, гняўліва буркатне:
– А табе што за справа, абібок?!
І мы ішлі далей, хаця сёй-той, употайкі ад іншых, доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты, з аргументам, і сачыў за дымам над комінамі. І неаднойчы сямутаму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім. Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх – гэта натуральна, але дзе вы чулі, каб усе пыталіся ў аднаго?
І мы крочылі далей і мелі шляхетны гонар ад упартай хады, сэнс якой быў у няспынным руху. І калі што нас палохала, дык гэта не стома, пабітыя ногі ці смага, а спакой. Раптам вецер сціхаў, і мы спыняліся, як бы спатыкнуўшыся, бо без ветру не ведалі, куды нам цяпер праставаць.
Што ў тыя хвіліны рабілася – цяжка казаць, ды, дзякаваць Богу, усялякі раз вецер падымаўся зноў, а разам з ім падымаліся і мы, каб рушыць далей.
Так здарылася, гэтак аднойчы мусіла здарыцца, што вецер суняўся якраз тады, калі мы праміналі выспу, на якой сядзеў той, з аргументам. Упершыню мы не енчылі, не камечылі апратку, не кусалі сябе за локці. Упершыню наша змучаная сціжма затаіла ўласны жах, бо на нас, шкадуючы, пазіраў ганарысты лайдак. Але гэтым разам, пэўна ад збянтэжанасці, мы не вытрывалі і запыталі: які такі важкі аргумент ён мае пры сабе, што не баіцца сядзець на адным месцы, калі ўсе астатнія спыняюцца адно тады, як спыніцца вецер?
– Колькі б вы ні хадзілі, хлопцы, усюды ў вас пад нагамі будзе зямля, над галавой – неба, а на карку – дармаед з пугай, – гэтак адказаў ён. І наастачу яшчэ раз запэўніў: – Усюды.
Толькі нямногія з нас пачулі ягоныя словы, бо раптам далягляд абазваўся лагодным ветрыкам, і мы ўсхапіліся…
Мы ўсхапіліся і, з’едліва пазіраючы лайдаку ў твар, рушылі паўз выспу туды, куды праставаў вецер.
На тым і гэтым свеце
Не ведаю, як цяпер, але яшчэ за панамі наш кавалак пекла знаходзіўся якраз паміж польскім і расейскім. Аб гэтым распавёў мой сусед, кульгавы Яўхім, які трапіў туды не ў свой тэрмін і быў адпушчаны дахаты чакаць свайго часу.
З нашай вёскі шмат хто дзе бадзяўся, але калі мы сышліся ў Яўхіма, дык нават вядомы пляткар Здэнек зашпіліў свой язык на ўсе гузікі. Зрэшты, яно і зразумела. На гэтым свеце ты адно дзеля прыліку, а туды ідзеш, каб назаўжды спраўдзіцца.
– На нашай дзялянцы ціха. – Так распачаў сваю казань Яўхім. – Я нават