ТОП просматриваемых книг сайта:
Адваротны бок люстра. Ксенія Шталенкова
Читать онлайн.Название Адваротны бок люстра
Год выпуска 2016
isbn 978-985-021-66-56
Автор произведения Ксенія Шталенкова
Издательство Электронная книгарня
– Я думаю, некалькі тыдняў, – адказаў Міхал.
– Некалькі тыдняў?! – усклікнула Бася.
– Ну Басенька, шлях жа кепскі, і Кракаў далёка.
Бася ўжо была адкрыла рот, каб адказаць Міхалу, што ў яе дома шлях заняў бы значна менш часу, але да вазка падышоў лекар і гучна прамовіў:
– Пане Саколіч, ужо час спыняць візіт да хворай. Вы можаце стаміць яе размовамі. Паненцы зараз неабходны спакой і цішыня!
Бася фыркнула.
– Зараз-зараз, пане лекару, – адклікнуўся юнак, а потым, зноў павярнуўшыся да Басі, сказаў, зрабіўшы незадаволеную грымасу: – Ён такі ўпарты. Я і так ледзь пераканаў яго, каб пусціў мяне да цябе.
Дзяўчынка цяжка ўздыхнула:
– Ну вось, ты зараз пойдзеш, а я тут згіну з нудоты!
– Не журыся, Баська! Я потым паспрабую зноў да цябе прадзерціся. Калі мяне, вядома, лекар пусціць, – сказаў Міхал, скоса зірнуўшы на выйсце з вазка.
– Прашу вас: паспяшайцеся! – зноў пачуўся патрабавальны голас лекара.
– Так, іду! – страчваючы цярплівасць, крыкнуў Міхал. – Ой, ледзь не забыўся! – сказаў ён, вымаючы з-за пазухі вялізны яблык і кавалак пірага. – Гэта табе.
– Дзякуй, Міхалачак! – усміхнулася Бася.
– Ачуньвай! – напрыканцы пажадаў Міхал.
– Бывай!
Юнак махнуў ёй рукой і саскочыў на зямлю. Замест яго ў праёме з’явілася постаць лекара.
– Як вы сябе адчуваеце? – запытаўся ён.
– Добра, – прабурчала дзяўчынка.
– Ну, тады не буду вас турбаваць, – сказаў лекар і пайшоў. Бася засталася ў вазку зусім адна. Яна ўсё ж такі здолела сесці.
Усе косткі балелі. Дзяўчынка роспачна ўздыхнула і, пырскаючы сокам, прагна ўгрызлася ў яблык.
Раздзел 9
Басю наведала княгіня Радзівіл. Яна прыйшла да дзяўчынкі разам з усімі прыдворнымі паннамі. Яны распытвалі пра самаадчуванне і дружна спачувалі. Дзяўчынцы, вядома, было прыемна, што пра яе турбуюцца, але яна была б больш задаволена, калі б панны не хваляваліся з такім імпэтам. Яны нават спрабавалі даглядаць Басю, што прывяло яе ў найпаўнейшы жах. У выніку ўсё скончылася тым, што панны пачалі ўзгадваць, як яны самі ці іх далёкія сваячкі ды знаёмыя валіліся і калечыліся шмат гадоў таму. Яны размаўлялі і хіхікалі настолькі гучна і надакучліва, што ў Басі разбалелася галава. Яна ніяк не магла прыдумаць, як пазбавіцца паннаў. Лекар дзесьці прапаў і не мог дапамагчы дзяўчынцы. Таму ёй нічога больш не заставалася, як надаць твару самы няшчасны выгляд. Урэшце княгіня заўважыла Басіны пакуты і прапанавала паннам пакінуць дзяўчынку, каб тая магла адпачыць. Бася падзякавала за візіт, і кабеты пайшлі.
Неўзабаве працэсія зноў рушыла ў дарогу. Дзяўчынка трэслася ў вазку, ад чаго косткі балелі яшчэ больш. Надвор’е было агіднае: неба зацягнулі хмары, часам пачынаў ісці дождж уперамешку са снегам. Было сыра і няўтульна. Міхал намагаўся як мага часцей пад’язджаць да вазка лекара. Кожны раз ён прыносіў з цяжкасцю адваяваны ў абозе «трафей», за што юнака ўжо пачалі недалюбліваць. І як толькі