Скачать книгу

Тады іх лічылі ці геніямі, ці ерэтыкамі. І тады іхні лёс быў маркотны. Дарэчы, мадэмуазэль Барбара, я настойліва вам рэкамендую не казаць шмат пра ХХІ стагоддзе і не спрабаваць сеяць ідэі, уласцівыя вашаму часу.

      Бася няпэўна хмыкнула, але, убачыўшы падазрона прыўзнятае брыво пана Альбрыхта, сцяла вусны і сказала:

      – Ды добра-добра, я зразумела.

      – Спадзяюся, што так. Вам вельмі пашанцавала, што гэты юнак – Міхал – паверыў вам, – заўважыў дзядок. – Хадземце, я жадаю вам штосьці паказаць.

      Бася ўзнялася і рушыла следам за ім у бакавы пакой, які быў схаваны за парцьерай. Калі яны ўвайшлі, дзяўчынка ахнула. Гэта быў невялікі круглы пакой, сцены якога былі цалкам увешаны люстрамі ў старадаўніх рамах.

      – Нічога ж сабе! – з захапленнем прашаптала дзяўчынка.

      Стары ўсміхнуўся, задаволены тым, што здолеў уразіць падлетка з ХХІ стагоддзя.

      – Няўжо можна прайсці праз кожнае з гэтых люстраў? – спытала Бася.

      – Не, прызнацца, я да гэтага часу не здолеў прайсці праз некаторыя з іх, – адказаў стары.

      – А там, у ХХІ стагоддзі, вы таксама маеце ўсе гэтыя люстры?

      – Не ўсе. Некаторыя не захаваліся. Напрыклад, вось гэтае, – стары паказаў на адно з люстраў. – Я магу адсюль прайсці праз яго ў XVIII стагоддзе, але ў XXI яго ўжо даўно няма. Затое там ёсць некаторыя люстры, якіх у іншых вядомых мне месцах я не знайшоў.

      – А вы даўно трапілі ў… – Бася запнулася, думаючы, як лепей сказаць пра родны свет, дзядок жа нарадзіўся тут, у XVI стагоддзі! – У мой час.

      – Так, мадэмуазэль, вельмі даўно. Пасля таго як бацька паведаміў мне таямніцу люстраў, я пачаў дапамагаць яму рабіць разлікі, а потым ён сказаў, што прыйшоў час паспрабаваць прайсці ў іншае вымярэнне. Некалькі разоў усё праходзіла цудоўна, і я паспяхова вяртаўся дадому. Але аднойчы бацьку прывезлі адно люстра. Мы доўга даследавалі яго, а потым яно адчынілася. Я прайшоў скрозь яго і трапіў у пачатак 40-х гадоў ХХ стагоддзя. Я, вядома ж, яшчэ не ведаў, што гэта за час. Раней мне не выпадала трапляць у настолькі далёкую будучыню. Люстра раптам зачынілася, і я не мог вярнуцца. Тады якраз ішла Другая сусветная вайна. Мне не пашанцавала, я трапіў пад бамбёжку, і мяне кантузіла. Я апынуўся ў шпіталі. Усе думалі, што мяне асабліва цяжка кантузіла, бо я не казаў ні слова. Толькі ўявіце, мадэмуазэль, ці мусіў я размаўляць?! Мова ж, хаця і была мне знаёмая, надта змянілася. Мяне, пэўна, ніхто б не зразумеў. Тым больш я ўсё ніяк не мог усвядоміць, у якое стагоддзе трапіў, і не ведаў, як паводзіць сябе.

      Выпадкова да мяне трапіла газета. Праз яе я з цяжкасцю даведаўся пра дату і сяк-так – пра апошнія здарэнні. Прыслухоўваючыся да галасоў медсясцёр, лекараў, хворых, якія ачуньвалі, я менш-больш асвоіў мову. Памятаю, сядзелка так узрадвалася, калі я пачаў размаўляць!

      Калі скончылася вайна, я вырашыў адшукаць тое люстра. Я адразу ж накіраваўся на Сціклю. Я ўзрадваўся, калі ўбачыў, што наш дом застаўся цэлы. Унутры нікога не было. У доме ўжо даўно ніхто не жыў. Я ўзняўся наверх, але знайшоў там толькі два люстры. Я пазнаў іх. Адно

Скачать книгу