ТОП просматриваемых книг сайта:
Cіні карабель у блакітным моры плыве. Сяргей Дубавец
Читать онлайн.Название Cіні карабель у блакітным моры плыве
Год выпуска 2014
isbn 978-985-7086-75-7
Автор произведения Сяргей Дубавец
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Жаўнеры, відавочна, не разумелі, пра што яна кажа, але згаджаліся зь ёю аднаслоўнымі адказамі „магчыма“, „відаць“, „напэўна“. Ім тое было ня толькі незразумела, але й нецікава.
Мароз у той дзень зьменшыўся напалову – да мінус дваццаці.
Калі ўсе трое спускаліся ў лагчыну, Зоя спытала, якім чынам доктар Блюм сочыць за ахоўнікамі стрэльбішча? Як ён даведваецца, што нехта зь іх захварэў ці што камусьці трэба зрабіць трансплянтацыю?
Усё адбываецца само сабою, – адказалі яны. Уся інфармацыя – у паветры. І лекаваньне і трансплянтацыя – усё робіцца праз паветра. Ім нават і думаць пра гэта ня трэба. Іхная справа – ахоўваць тэрыторыю.
„Ага! Вось куды падзявалася ўся кібэрнэтыка – у паветра! – здагадалася Зоя. – Але ж вы самі зазірнуць у паветра ня можаце? Што-небудзь там падгледзець, падправіць, як доктар Блюм?“
„Не, – адказалі яны, – мы ў гэтым нічога не разумеем, ды нам і ня трэба. Мы простыя людзі, а гэта справа дасканалых мутантаў“.
Калі перад самай ракой яны спыніліся, Зоя казала пра свае пачуцьці – як гэта дзіўна пастаяць над уласнай магілай! І не над той, у якую ты пойдзеш, а над той, зь якое прыйшоў…
Але ўчорашняе прастакутнае яміны пад ніцай вярбой не было.
Прыцярушаны сьнегам лёд уяўляў сабою роўнядзь, зусім непразрыстую, шэрую і каламутную. Нават водарасьцяў у замерзлай рацэ разгледзець было нельга.
Кайлюс пачаў мітусьліва аглядацца, думаючы, што яміна можа быць у іншым месцы, крокаў дзесяць сюды-туды. А Зелба выказаў дапушчэньне, што рэзкі перапад тэмпэратуры мог згладзіць яміну ды зрабіць каламутнай падлёдную відзежу.
Зою адсутнасьць „магілы“ зусім не зьдзівіла. Яе зьдзівіла іншае: рачны краявід раптам падаўся ёй знаёмым. Ён нагадаў ёй мясьціну каля іхнага лецішча пад горадам, дзе яна гадавалася. Праўда, ужо шмат гадоў на тым лецішчы яна не была і ніколі не бывала там узімку, таму ўражаньне магло быць памылковым. Хаця…
На зваротным шляху яна спыталася, ці адбываюцца на стрэльбішчы вучэньні? Напэўна, калісьці адбываліся. Але з часоў свайго прызыву Кайлюс і Зелба ня могуць прыгадаць ані стрэлаў, ані каб некага тут муштравалі.
Ясна, – зрабіла выснову Зоя. – Мабыць, і войска ніякага ўжо сто гадоў няма. Мабыць, – пагадзіліся жаўнеры. Але іхная задача – не страляць, а сачыць за парадкам. Усё, што ім трэба для службы і быту, дастаўляе сюды вялікая вайсковая машына.
Значыць, і на танцы вы нікуды ня ходзіце, і зь дзяўчатамі не сябруеце, – працягвала Зоя. – Зразумела. Хіба можа быць каханьне, калі жывеш вечна? Дакладней, хіба можа быць каханьне, калі няма сьмерці.
Але ж і жыцьцём вашую несьмяротнасьць не назавеш. Чалавечым жыцьцём. Няўжо, каб стаць неўміручым, трэба ператварыцца ў целюка, – падумала яна, але, натуральна, гэтага не сказала. Яна сказала: Хлопцы, а ці не задацца б вам думкай, чаму вы нічога такога ня ведаеце і вам нічога такога ня хочацца? Вы ж ужо парушылі рэглямэнт, калі дасталі