ТОП просматриваемых книг сайта:
Радзіва «Прудок». Андрусь Горват
Читать онлайн.Название Радзіва «Прудок»
Год выпуска 2017
isbn 978-985-7136-44-5
Автор произведения Андрусь Горват
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Электронная кнігарня
Издательство Электронная книгарня
Выйшлі на запруду. Наваколле далёка праглядалася. На зямлі ляжалі цені ад хвояў. Гэтым разам я заняў пазіцыю пасярэдзіне і ішоў нага ў нагу за дзядзькам. Я пільна сачыў за рухам ягоных ботаў і паддаўся гіпнозу. Хацелася ісці доўга. Здавалася, хапае моцы, каб ісці ўсё жыццё.
Але брэх Барсука перарваў той паўсон. Я пачаў пазнаваць дзедава селішча, што, як паўвостраў, адным краем улеплена ў дзікае наваколле. Дзядзька Валодзя паставіў стрэльбу на ганак, сам сеў на лаўку, дастаў пачак з цыгарэтамі.
– Месячна сёння. Калі б не было месячна, патрапілі б. Закурыў цыгарэту.
«Ну і ціш. Лісток не шалахнецца», – узгадаў я дзедавы словы.
А там, у лесе, сёння вернецца ў кубло здаравенны воўк. Да маленькай ваўчыцы і трох ваўчанят.
Ранкам пілі каву ў кухні. Дзядзька Валодзя ізноў апраўдваўся, што было месячна.
– Таго ваўка хіба стрэліш? То, бра, хітры паскуда. Яго так не патрапіш, – баба Гаша пазірала на лес за акном. – Хітры, бра…
– Каб не было месячна, стрэліў бы.
– Ага, стрэліў бы… Усроўся б…
Раздзел 3
Сёння я піў самагон
Часам хочацца піва, а купіць не магу.
Сказаў прудкаўцам, што я не пʼю. Гэтым адрозніваецца жыццё ў вёсцы: няможна схавацца. З кім спаў і што піў – усе даведаюцца.
Добры дзень, мяне завуць Андрусь Іванавіч, мне 32 гады і я не магу купіць піва.
«Рухаючыся праз Мінск, Мазыр, Нароўлю ў Чарнобыль, мы амаль увесь час ішлі лясамі. Каля Нароўлі мы праходзілі па такіх мясцінах у першабытных лясах, дзе нейкую вёсачку ці ліхую карчомку можна было ўбачыць толькі праз некалькі міляў адна ад адной. Жыхары гэтых малых паселішчаў былі такімі палахлівымі, што перад нашым набліжэннем з жонкамі і дзецьмі хаваліся ў лясах, а мы натыкаліся на пустыя сялібы. І толькі пазней, прывабленыя нашымі падарункамі, а канкрэтна гарэлкай, асобныя з іх вярталіся дадому».
«Дзённік генерала Яна Вейсенгофа», 1790.
Дыялог у краме.
– Е ці не е?
– Е.
– Дай.
– На.
Калі ўвядуць падатак на літары, мы выжывем. Мы нават зэканоміць можам у ліхія часіны:
– Е?
– Е!
Ляжу пад яблынькай. Трэцяя ноч не ў ложку, а на зямлі ў садзе. Каровы варушацца ў кароўніку. Суседскі сабака брэша на купальскага дзядка.
Ёсць імавернасць дажджу. Ці што заказыча ў сне русалка. Ці яблык упадзе на галаву. Але мы, прудкаўскія хлопцы, нічога не баімся.
Канец сённяшняга эфіру. Дабранач. Гімн.
Прачнуўся, бо адчуў, што на мяне хтосьці пазірае. Расплюшчыў вочы і ўбачыў Колю Валодзі Кульгавага. А я ніяк не магу схаваць, як мне хораша было спаць. Коля бачыць, што мне шчасліва, і хоча, каб і яму было