ТОП просматриваемых книг сайта:
Ноч цмока. Валеры Гапееў
Читать онлайн.Название Ноч цмока
Год выпуска 2016
isbn 978-985-7140-18-3
Автор произведения Валеры Гапееў
Издательство Электронная книгарня
– Несалодкі быў дзень? – замест прывітання клапатліва пацікавілася Надзея і патлумачыла: – Такія навіны ў нас хутка разносяцца…
– Несалодкі… – шчыра падзяліўся я. – Цяжка прызвычаіцца да смерці, тым больш вось такой… Вечар добры вам.
– І вам таго ж. Выгляд у вас…
– Страшны? – квола пажартаваў я.
Ніяк не чакаў, што выразная спагада жанчыны падасца мне самым неабходным з таго, што я хацеў бы адчуць зараз. І кіруючыся менавіта жаданнем атрымаць яшчэ колькі момантаў сапраўднай увагі і разумення, я наколькі мог бадзёра дадаў:
– Спадзяюся, аднак, не такі страшны, каб вы перадумалі выпіць са мной кавы пад тымі яблынямі. Заадно паглядзім, ці не прараслі кінутыя ў глебу зярняты.
Яна стаяла ля кута свайго плоту, я – ля сваіх веснічак. Абое адчувалі сябе на сваёй тэрыторыі. Старая вуліца, пабудаваная ў пасляваенны час, шырокая, зарослая паабапал кустамі бэзу і язміну, была бязлюднай.
– Зарана для прарастання, – без усмешкі адказала Надзея, і было нешта двухсэнсоўнае ў яе строгасці. – Вы хоць елі нешта сёння?
Наколькі пытанне было неспадзяваным для мяне, настолькі падалося незвычайна цёплым, чалавечым і дарэчным цяпер, і яно раптоўна зрабіла гэтую жанчыну маім быццам ужо і блізкім сябрам. Падсвядома тарганулася думка: мне ўжо многія гады ніхто не задаваў такога простага пытання з сапраўдным клопатам.
– А вы як думаеце, калі пытаецеся?
Мне захацелася вось такой моўнай гульні, неабавязковай, лёгкай, дзе можна схавацца за паўжартам, дзе дапускалася двухсэнсоўнасць, а ўся гульня ахутвалася воблакам неабавязковасці, робленай раўнадушнасці – маўляў, як будзе, так і добра…
– Думаю, апетыт у вас наўрад ці быў, – зноў сур’ёзна адказала Надзея.
– І зараз няма, – развёў я рукі ў бакі. Сапраўды, я не мог думаць пра ежу, мне здавалася, быццам ад мяне і цяпер тхне тым смуродам з пажарышча. І ўявіць сабе які кавалак каўбасы, што будзе сквірчэць на патэльні, – не, тое было ўжо амаль выпрабаваннем, якое мне над сабой не хацелася ладзіць. – Але кавы пап’ю з вамі з задавальненнем. Вось толькі абмыю працоўны пыл і копаць… – вырвалася ў мяне прызнанне. Пятнаццаць хвілін – і я вас чакаю. Вы абяцалі ўчора, – нагадаў я строга.
– Абяцала, значыць, прыйду, – паціснула плячыма Надзея, быццам я засумняваўся ў нечым непахісна стабільным і моцным. – Ідзіце, мыйцеся…
Яна пастукала ў расчыненыя дзверы і зайшла ў пакой, калі я, прыняўшы душ і пераапрануўшыся ў свой стары спартовы касцюм, ставіў чайнік.
Мае паўдома, якія я здымаў, складаліся з невялічкай веранды з двума выхадамі – на вуліцу і ў агарод, і даволі вялікага пакоя, частка якога была адгароджаная лёгкай фіранкай