Скачать книгу

і абвінавачанне.

      Войкнула, не ўтрымаўшыся, старшая медсястра. Галоўурач нечакана густа пачырванеў, устаў і ціха спытаў, і было бачна, што спакойныя словы даюцца яму з цяжкасцю:

      – Святлана Мікалаеўна, як так магло здарыцца? Я падпісваў паўтара месяцы таму яе заяву на два тыдні адпачынку без утрымання – у яе вельмі слабы бацька, так Насця патлумачыла ў заяве. А пасля ў яе быў планавы адпачынак. Цяжарнасць… Яна павінна б была стаяць на ўліку ды і… Як не заўважылі?

      Я назіраў за тварам загадчыцы аддзялення, на якім акрамя ўвагі да субяседніка нічога не адбілася. Яна адказала спакойна і ўпэўнена:

      – Віктар Паўлавіч, калі жанчына пажадае, ёй няцяжка схаваць сваю цяжарнасць ад непатрэбных вачэй. Тым больш такой жанчыне, як наша Насця. У яе буйныя формы цела, пэўнае павелічэнне аб’ёму жывата лёгка прыкрыць адзеннем. Яна насіла касцюм, які даваў практычна поўную гарантыю трымаць цяжарнасць у таямніцы. Да пэўных тэрмінаў, зразумела, хоць ведаю выпадкі, калі жанчыны прыхоўвалі свой стан да апошняга тыдня. Трэба ўлічыць, дзеля спецыфічных адносінаў да Насці ў жаночым калектыве, яна, наколькі я ведаю, пераапраналася без сведкаў. Таму я не здзіўляюся факту ўтойвання цяжарнасці. Здзіўляюся таму, што яна зацяжарыла… улічваючы яе відавочныя лесбійскія схільнасці… І ў той момант быццам нехта нябачны збоку нашаптаў мне прама ў галаву: калі б Насця Грыцук не нарадзіла, яна б засталася жыць.

      3

      Нават самы бязглузды на першы погляд рытуал некалі быў важным і асэнсаваным дзеяннем.

      Для Тамары курэнне даўно стала і патрэбнасцю, і рытуалам – я ў гэтым быў перакананы. Варта было толькі пабачыць, як яна нетаропка дастае наступную цыгарэту, нейкі час круціць яе ў руках, потым бярэ ў левую руку запальнічку, пстрыкае і зноў нейкае імгненне марудзіць, глядзіць на язычок полымя, і толькі потым прыкурвае. Зацягваецца, заўсёды два разы запар, і павольна выпускае дым тонкім струменем праз сціснутыя вусны. Потым адкладвае цыгарэту ў попельніцу, падсоўвае на сярэдзіну стала патрэбны ёй дакумент, апускае з ілба на вочы невялікія, у тонкай жоўтай аправе акуляры. Чытае, цыгарэта дыміць, дым выцягваецца ў расчыненае акно…

      Курыць яна пачала даўно, адразу пасля разводу. Мясцовым пляткаркам развод пракурора з мужам, начальнікам буйнога ПМК, даў мала навінаў для плётак: няхай сабе Тамара і злавіла свайго мужа, як кажуць, на гарачым – нечакана завітала на дачу, дзе ён бавіў час са сваім эканамістам, – але скандалу ніякага не ўчыняла. Больш за тое, развяліся яны так, як даўнія сябры маглі б разабраць падстрэленага на паляванні секача: спакойна, памяркоўна падзялілі кватэру і іншую маёмасць, дамовіліся аб пытаннях далейшай дапамогі дзецям – старэйшая дачка ўжо працавала на той час у сталіцы настаўніцай, ёй збіралі грошы на кватэру, а малодшы сын вучыўся ва ўніверсітэце на трэцім курсе юрыдычнага факультэта. Праз год пасля разводу былы муж з усіх сілаў дапамагаў Тамары на дачы: прывозіў гной, шукаў гаспадара з конікам, каб узараць зямлю пад грады. Тамара большую частку зямлі засеяла травой, зрабіла адмысловую зону адпачынку

Скачать книгу