ТОП просматриваемых книг сайта:
Белая муха, забойца мужчын. Альгерд Бахарэвiч
Читать онлайн.Название Белая муха, забойца мужчын
Год выпуска 2015
isbn 978-985-7140-07-7
Автор произведения Альгерд Бахарэвiч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Шпэцль ужо сам ня ведаў, ці радавацца яму гэтаму знаёмству. А ягоны сусед у акулярах, які ўважліва слухаў іхную размову, ніяк ня мог дачакацца, калі яна скончыцца. І цяпер ён зноў загаварыў – Шпэцль паморшчыўся і пасьпешліва палез у торбу, нібыта шукаў там пігулкі ад галавы.
«Чулі, як яны рагаталі? – пераможна спытаў чалавек у акулярах. – Ясна, чаму. Я ж казаў – у культурных людзей такія, з дазволу сказаць, замкі, як нашыя, выклікаюць толькі сьмех. Вось у немцаў – гэта замкі. Нойшвайнштайн! Я быў, я бачыў! А ў нас што? Убоства!» Пачуўшы слова «Нойшвайнштайн», Кунцэ ўхвальна ўзьняў угару палец. «Я, я, ной унд швайн!» – сказаў ён, відавочна рады выканаць сваю ролю тоўстага дурнаватага немца. Я паглядзеў на яго з агідай, але ён не заўважыў. Яшчэ хвіліна – і, здавалася, аўтобус выверне, як страўнік, ад гэтай усеагульнай млосьці, але ён нарэшце спыніўся ля брамы, і чалавек са значком першы кінуўся да выхаду.
«Приехали, – крыкнула Жанчына з Турбюро, засланяючы перад ім дзьверы. – Не отходите далеко, сейчас я найду экскурсовода!»
Чалавек у акулярах, чалавек са значком, адстаўнік, Дзяўчына ў Белым, Жанчына ў Зялёным, Жанчына з Турбюро… Немцы, аўстрыякі… А як яшчэ мне іх называць? Як яшчэ мы называем незнаёмых людзей, зь якімі вымушаныя ехаць дзьве гадзіны ў аўтобусе і ведаць пры гэтым, што разам зь імі нам давядзецца ехаць назад? Цікава, хто быў для іх я цягам гэтай паездкі? Як яны ўпотай называлі мяне? «Чалавек з празрыстым шарам на галаве»? Або проста – «мужчына»? Мужчына му. Маладой. Чалавек. Калі мы кажам чалавек, мы ніколі ня маем на ўвазе жанчыну. Ніколі. Так нам загадвае мова. Любая мова з тых, якія мы ведаем. А мы крышку ведаем нямецкую. Дастаткова, каб разумець аўтобусныя размовы і жарты. А яшчэ мы ўмеем слухаць. Бляндынчык, жанчына, якая жэрла яго вачыма, гаспажа Ацецкая… Чалавек з, чалавек на, чалавек у.
Так мы і ехалі да замку, праз усе гэтыя Мэскаліны, Мачу-пікчы, Ацтэччыны, Маі, Інкі, Кетцалькаатлі і проста Кацапавічы. Гаваркія істоты і тыя бязмоўныя стварэньні жаночага полу, для якіх у мяне нават азначэньняў не знайшлося і якія ўсю дарогу хавалі насы ў тэлефоны. Я стараўся не глядзець на жанчыну ў белай сукенцы, а галава сама паварочвалася ў яе бок. Каб ня выдаць сябе, я пачаў прыглядаўся да ціхай пары, якая сядзела на самым заднім сядзеньні. Муж і жонка. Цікава, што іх прымусіла паехаць сюды? Жаданьне прыабшчыцца к культурэ? Адкрыць для сябе сваю краіну – якая так хоча падавацца сапраўднай Краінай Замкаў? Жонка сядзела, як на іголках, прагна ўслухоўвалася ў размовы, зь цікаўнасьцю пазірала на замежных гасьцей. Яна нават адкрывала рот, каб нешта сказаць, але – «Молчи!» – бубніў яе муж, «Молчи!» – раздражнёна кідаў ён праз плячо, «Тебя спрашивали?» – і яна пакорліва апускалася, асядала, як пыл, сьціскала вусны.
І мне гэта падабалася. Падабалася гэтая ўлада чалавека над ёй. Думаю, мы ўсе былі ўдзячныя яе мужу. Бо калі б тут пачуўся хаця б яшчэ адзін голас – гэта было б ужо занадта. Нас усіх бы званітавала – ад траскай дарогі, ад неабходнасьці быць спакойнымі і ветлівымі, ад нецярплівага