Скачать книгу

памерла! – Голас мужчыны дрыжэў і зрываўся. – Я ж казаў вам учора! Яна… яна выпіла атруту… тры гады таму! – Мужчына раптам апусціўся на канапу і абхапіў галаву рукамі.– Я да гэтага часу не разумею, навошта яна гэта зрабіла! Бо нічога ж не было… мы нават не пасварыліся ў той вечар… проста я сказаў ёй, што я… што ў мяне… Навошта, ну, навошта мне было гаварыць ёй гэта?!

      Мужчына плакаў уголас, не саромячыся слёз, а я… з мяне было досыць. Я не верыў ніводнаму слову мужчыны, я не ведаў нават, навошта яны абое, і муж, і жонка, спрабуюць зрабіць з мяне ідыёта, але… з мяне было досыць!

      – Прабачце, мне трэба ісці! – сказаў я падкрэслена суха і шпарка пакрочыў да выхаду.

      Куртку і чаравікі я знайшоў у пярэдняй. Сухімі. Ну што ж, і на тым дзякуй!

      Апынуўшыся за дзвярыма я адразу ж убачыў сваю машыну. «Мерсэдэс» стаяў каля самага ўваходу ў катэдж і нібыта чакаў мяне.

      – Паветра трапіла ў бензаправод, – пачуўся за маёй спінай глухаваты голас мужчыны. – Давялося прадзімаць. Вы ж самі і прадзімалі, памятаеце?

      Не адказваючы, я рушыў да машыны. Моўчкі адчыніў дзверцы, моўчкі сеў… доўга шукаў па ўсіх кішэнях ключы, нарэшце знайшоў. Машына завялася, як той казаў, з паўабароту.

      Магчыма, трэба было ўсё ж падзякаваць мужчыне за дапамогу, развітацца з ім… але ўсё гэта было ўжо вышэй маіх сіл.

      Развярнуўшыся, я павольна паехаў да шашы. Я не ведаў, што і думаць, як паставіцца да ўсяго таго, што са мной адбылося. Розум падказваў, што гэта і сапраўды нейкі розыгрыш, праўда, мэта яго мне так і засталася невядомай. Але быў і іншы пункт гледзішча, і ён таксама меў права на існаванне…

      Я добра памятаў свой учарашні вечар, які я правёў з той незвычайнай жанчынай! Я памятаў і ўсё тое, што адбылося паміж намі далей! І тым не менш…

      Аднекуль, з самых патаемных глыбінь памяці, усплывалі і нейкія іншыя ўспаміны. Напрыклад, як сядзелі мы ўчора з гэтым рудым гаспадаром, доўга сядзелі… пілі, размаўлялі, спявалі нават…

      Але ж гэтага не было! Не было ніколі, і як я мог памятаць тое, чаго не было?!

      Паглядзеўшы назад, у люстэрка задняга віду, я зноў убачыў мужчыну. Ён усё яшчэ стаяў на ганку і таксама глядзеў у мой бок. Потым мне падалося, што ў адным з вокнаў другога паверха ледзь варухнулася фіранка, і чыясьці тонкая постаць з’явілася раптам каля акна. А можа, мне гэта толькі падалося?

      Маленькія чырвоныя чалавечкі

      Першай у кабінет увайшла дзяўчынка. Яна спынілася каля дзвярэй, паглядзела на псіхатэрапеўта і моўчкі яму ўсміхнулася. Той таксама ўсміхнуўся ў адказ і хацеў нават штосьці сказаць дзяўчынцы, але ў гэты самы момант у кабінет увайшла жанчына, па ўсім відаць, яе маці.

      – Добры дзень, доктар! – нясмела прамовіла яна і, узяўшы дзяўчынку за руку, падвяла яе да стала, за якім сядзеў псіхатэрапеўт. Той паказаў жанчыне на крэсла, і тая паслухмяна на яго апусцілася. Дзяўчынка працягвала стаяць побач.

      Увесь той час, пакуль псіхатэрапеўт праглядваў гісторыю хваробы і іншыя паперы, якія ляжалі перад ім на стале, маці і дзяўчынка нават не варухнуліся. Маці сядзела, напружана выпрастаўшыся, яе вялікія, заплаканыя вочы

Скачать книгу