ТОП просматриваемых книг сайта:
Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна
Читать онлайн.Название Крыві не павідна быць відна (зборнік)
Год выпуска 2007
isbn 978-985-7165-77-3
Автор произведения Наталка Бабіна
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– А, мула, барані яго алах… – і зноў замоўкла, няўцямна разглядаючы мяне чорнымі вачыма, адно зь якіх амаль цалкам, а другое напалову зацягнутыя бяльмамі.
Проці звычаю, яна не спяшалася запрасіць мяне ў дом. Сонца пякло мне галаву, у седлавіне ветру зусім не было. Пот – вадкасць, якая плыве з чалавека тонкімі струменьчыкамі проці ягонай волі.
– Хадзем, уцягнеш мне нітку ў голку, – нарэшце сказала старая.
Я пайшла за ёй, уцягнула нітку ў іголку, не адрываючы яе ад катушкі, – так запатрабавала старая. Потым я прыяжджала яшчэ пару разоў.
На ёй заўсёды было адно: чорная хустка, цёмная сукенка, чорныя шаравары. Яна, мабыць, так і спала. Ад яе патыхала цьвільлю, мочам, авечым гноем. Старая не абувалася нават у самую спёку, калі я не магла дакрануцца да пяску. Босай хадзіла на агарод і па ваду.
Бачыць яна амаль ніц ня бачыла, але дзякуючы звычцы ўпраўлялася вобмацкам.
Павесіўшы на бакі панурага восьліка два аплеценыя пыльнай лазой вялікія бутлі і пачапіўшы на локаць вядро, яна выходзіла з дому у самую спёку – чым ясьней сьвяціла сонца, тым лепш яна бачыла – і па незаўважнай у камянях і пыле сцежцы ішла да крыніцы – струменьчыка, што выцякаў проста з каменю. Ісьці трэ было спачатку ўгору, потым уніз – з гадзіну. Доўга цюрчэў струменьчык, пакуль напаўняліся бутлі. Восьлік дзе-калі падыходзіў і піў, перахопваючы яго. Тут, ля вадапою, восьлік трохі ажыўляўся і пачынаў скубсьці траву, якая расла паблізу вады. Травы было мала, і восьлік пераходзіў на поле, на агурочнік. Калі бутлі былі поўныя, старая бралася за паліванне. Доўга-доўга струменьчык напаўняў вядро. Кожнай расьліне – па кубку, усім пароўну, незалежна ад тога, гурок гэта, памідор ці бульба. Нічога іншага старая не садзіла. Старая сказала мне, што кожны раз яна паспявае паліць толькі палову поля – трэба ісьці назад, пакуль не зьвечарэла. Яна баялася цемры. Таму на другі дзень яна палівала другую палову поля – усярэдзіне корчыкі выглядалі лепш, іх, выходзіць, палівалі часьцей, і восьлік сюды не дабіраўся. Я не магла дапамагчы старой паліць усё – загваздка была ў крынічцы, якая занадта марудна жаўрэла…
Старая была вельмі маўклівая. Яна ні пра што мяне не пыталася й не адказвала.
Аднойчы адвязаліся і згубіліся авечкі. Калі, абышоўшы вакол хаты, старая гэта зразумела, яна заплакала, закрычала і ўпала на зямлю. Праз паўгадзіны я, спатнелая і задыханая, прыгнала трох худых жывёлінаў, а яна таксама ляжала на пыльных камянях і плакала.
– Ана, устаньце, гляньце, вось яны, я іх знайшла! – крыкнула я.
Яна села на зямлі і стала аглядацца з тым самым выглядам, як тады, калі пачула шум маёй машыны.
– Вось яны! – крычала я, запыняючы бяздумных авечак і папіхаючы іх каленьмі бліжэй да старой. – Усе тутака! Ня плачце!
Адзінай ежай старой было авечае малако і сыр зь яго, ну і яшчэ аліўкі. На бульбу і агуркі ў гэтым пекле разлічваць не прыходзілася.
Старая, дрыжучы, углядалася перад сабой. Мы загналі авечак у хлеў, і, поўзаючы ў гноі на каленях, старая яшчэ доўга мацала авечак, лічыла.
Потым