Скачать книгу

і фантазіі ў мяне хопіць. Хочаш, “згвалтаванне” зарганізую?

      У свой сіроцкі пакойчык жандар Пярдолэк вярнуўся зняважаным і знясіленым. Лавіць амерыканскага камінтэрнаўца не хацелася. Што са скуры вылузвацца? Усё адно марна! Думаць пра яго – таксама. Хацелася нажлукціцца ды забыцца на ўсю ліхтужную брыду: і на пана каменданта з яго накцюрнамі і бязногім раялем, і на бездухоўных хамулаў-вязняў.

      Але грошай у Пярдолка не было ўжо больш за тыдзень. Бліжэйшым месцам, дзе па чутках, жандарам налівалі ў крэдыт, быў шынок “Рыга” ў мястэчку Яблонаўшчына. Дабрацца туды можна было і па чыгунцы, але ўласная матацыклетка скарачала час на дарогу амаль удвая.

      9

      Вось ужо шэсць гадзін даўжэзны шляхотны “Пакард” крэйсіраваў па гасцінцы ў раёне Бярозы-Картузскай. Кожнага разу лімузін прыпыняўся пад сухой яблыняй-дзічкай. Пасажыр і кіроўца штораз скручвалі шыі, выглядаючы ўцекача – амерыканскага камінтэрнаўца. Але нікога падобнага да яго так і не пабачылі.

      Праўда, апоўдні на ўзгорку з’явіўся дзіўны здвоены ровар. Тандэм міжволі прывабіў позіркі і Баяна, і падначаленага яму кіроўцы. Руляваў тандэмам немалады вусаты дзядзька з васпаватым тварам, у напаўвайсковым фрэнчы і запраўленымі ў боты галіфэ. Ззаду круціў педалі хударлявы, не стары яшчэ мужчына з псіхапатычным позіркам і нетутэйшымі тэатральнымі вусікамі, што чарнелі адно пад носам. На раме ровара надзейна мацаваўся землямерчы рыштунак.

      Баян на ўсялякі выпадак выцягнуў зжаўцелую амерыканскую газету з абразлівым для тутэйшага цнатлівага вуха назовам “Абсэрвер”. З першай паласы на яго хітра мружыўся Хросны.

      – Не супадае, – крыху расчаравана рэзюмаваў чакісты пасля таго, як кінуў позірк на дзіўнаватых фацатаў, – і куды той амерыканскі таварыш падзеўся?

      Тым часам вусатыя раварыстыя шпарка ўскаціліся на пагорак і зніклі з далягляду.

      – А, можа, яго класавыя ворагі перахапілі?

      – Так, ворагаў тутай яшчэ шмат, – таварыш Баян акуратна склаў газету, – паны-пілсудчыкі, падпанкі-асаднікі, ксяндзы-папы, мніхі з мнішкамі, бундаўцы, эсэры, сацыялісты, сіяністы, нацдэмы, беларускія буржуазныя нацыяналісты, буржуазныя паэты, буржуазныя дантысты, буржуазныя тэлеграфісты, буржуазныя смецяры…

      – Неўзаранае поле працы наперадзе! – радасна пагадзіўся кіроўца, – нічога, у Курапатах на ўсіх месцаў знойдзецца!

      Не паспелі чакістыя сесці ў “Пакард”, як з-за пагорка пачуўся тупат быстрага каня. Неўзабаве на ўзвышшы з’явіўся цэлы эскадрон вершнікаў. Блішчэлі шаблі, чарнелі рулі драбавікоў, а на дзідзе па-над галовамі лунаў штандар з ганарліва раскірэчаным “Бялым Ожэлам”.

      – Нашто ты таварышу Праніку пра эскадрон белапалякаў наплёў? – кіроўца насцярожана сачыў за набліжэннем узброеных асаднікаў. – Вось і сурочыў.

      – Не ссы ў каністру! – асадзіў панікёра таварыш Баян. – Мы ж недатыкальныя. Імунітэт. Забыўся?

      Сівы віславусы вершнік са штандарам на дзідзе спыніўся, падазрона зазірнуў у салон “Пакарда”, дзе трывожна маўчалі чакістыя.

      – Естэм

Скачать книгу