ТОП просматриваемых книг сайта:
Янкі, альбо Астатні наезд на Літве. Уладзіслаў Ахроменка
Читать онлайн.Название Янкі, альбо Астатні наезд на Літве
Год выпуска 2007
isbn 978-985-6530-42-8
Автор произведения Уладзіслаў Ахроменка
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Дасведчаны грамадовец меў рацыю: тутэйшы сіротка Віктар Янукевіч хоць і выбіўся ў польскія жандары, але так і не здолеў пазбыцца ганебнай мянушкі “Пярдолэк”, як, зрэшты, і непрыстойнай манеры падглядаць за голымі дзяўчатамі.
6
“Пакард” выцягнулі на шашу валамі толькі пад раніцу. Браніраваны лімузін асабліва не пацярпеў – рухавік запусціўся адразу. Але час быў беззваротна страчаны. Без сумневу, уцекача ўжо даўно шукалі жандары.
Змрочны кіроўца гнаў легкавік да абумоўленага месца. Таварыш Баян нервова падкручваў колца настройкі рацыі і шалохаўся ад кожнага гуку ў навушніку. Перспектыва зноўку пачуць голас Шалёнаса была для яго невыноснай.
Калі сонейка канчаткова паднялося па-над лесам, сеанс сувязі быў наладжаны.
– “Доўгія рукі”, “Доўгія рукі”, – адгукнуўся таварыш Пранік, – гэта “Халодная галава”. Спадзяюся, таварыш амерыканскі камінтэрнавец ужо з вамі?
– Дакладаю, таварыш Пранік! Мы сталі ахвярамі жахлівага тэракту, – з уласцівай чакістым бездухоўнасцю схлусіў таварыш Баян, – на нас здзейсніў наезд цэлы эскадрон баевікоў польскай лёгкай кавалерыі. Дзесяць белапалякаў забітыя, астатнія рассеяныя. Баявая машына атрымала лёгкія пашкоджанні, але час страчаны. Працягваем рух у бок Бярозы-Картузскай. Адстрэльваемся ад…
– Ну ты, стралок варашылаўскі, казёл смярдзючы, – з бальшавіцкай непасрэднасцю абсёк падначаленага таварыш Пранік, – мне па херу дым: кавалерыя, аэраплан, бронецягнік, дырыжабль ці бабскі батальён. Не даставіце мне амерыканскага таварыша – выканаю асабіста. Можа, і грошы пілсудчыкі ў вас адабралі?
– Не, – чакісты спалохана заміргаў, – народныя грошы, прызначаныя для тэрарыстычнай дзейнасці, згодна інструкцыі, можна згубіць толькі з жыццём!
– Карацей, мудзілы, слухайце мяне сюды. Як не прывязеце нашага амерыканскага таварыша Сміта-Весона, будзеце ў мінскім парку Чэлюскінцаў з парашутнай вежы скакаць. Без парашутаў, вядома. Што скажаш?
– Правільнае і вельмі своечасовае рашэнне, таварыш Пранік, – зніякавела адказаў Баян.
– З камуністычным прывітаннем, дарагія таварышы. Канец сувязі.
Дрыготкія рукі чакістага прыўзнялі скураное сядзенне. Эбанітавая скрынка рацыі заняла належнае месца ў тайніку побач з крамлёўскімі пляшкамі і ладным брыкетам буйных банкнотаў, загорнутым у газету “Звязда”.
– Што ты так расхваляваўся? – знізаў плячыма кіроўца. – Спадзяюся, твой капэзэбовец усё правільна растлумачыў таварышу Сміту-Весону: схованка пад балотнай купінай, гумовы мех і вялікі амерыканскі самохуд. Хіба ў гэтых мясцінах можа трапіцца другі амерыканскі аўтамабіль?
7
Магутны даўжэзны “Студэбекер” упэўнена прасаваў гасцінец. Шырокія колы калаціліся на камянях брукаванкі. Сонца крышылася ў бакавым шкле, і Хросны павярнуўся да дзвёркі спіной.
– Ой, дзядзька, я ж назвацца забыўся, – кіроўца добразычліва падаў руку, – Янка я. Янка Лабановіч.