Скачать книгу

якраз хадзіла Вовачкам, таму Алег не стаў з ёю сварыцца, а паслухмяна падышоў да яе і ўзяў за руку:

      – Чаго ты тут?

      – А мне, Алежка, сумна стала адной, дык я і прыйшла цябе сустрэць.

      Ён крыкнуў сябрам, што не пойдзе з імі, а сам стаяў і ўсё глядзеў ім услед, сачыў, як яны, весела смеючыся, размахваючы рукамі – відаць, нешта цікавае расказвалі адзін аднаму, пайшлі ў шынок без яго. Алегу тады вельмі ж хацелася выправіць Тоню адну дадому, дагнаць сяброў, быць з імі, між іх – ён нават адчуваў на губах пену і пах таго піва, якое яны пайшлі піць.

      Але такое было толькі напачатку. Потым ён паспакайнеў, супакоіўся і нечакана адкрыў у сабе дужа шчырага дамаседа – якраз такога, над якімі раней пацяшаўся і сам.

      Яму было хораша дома, ён адусюль, як зараз Радзік, ірваўся дамоў, у камандзіроўках сумаваў па сям’і, вярнуўшыся, прыбіраў у хаце, адбіраў у Тоні венік, калі тая мяла падлогу, мыў посуд, быў далікатны і ласкавы з жонкаю. Тады яму здавалася, што ўсё так і павінна быць, тады ён асабліва не звярнуў увагі на споведзь Майкі Цененькай, экзальтаванай жанчыны з мантажнага цэха, якая, на думку многіх, без прычыны развялася са сваім мужам, кандыдатам навук, прыстойным і вядомым у вучоным свеце чалавекам, а сэнс той размовы дайшоў да яго толькі зараз.

      Майка тады нечакана для Алега – да гэтага яна толькі кпіла з яго – напрасілася, каб ён правёў яе дахаты, узяла Жавейку пад руку, прыціснулася – прыгожая, у вялікіх зялёных акулярах – да яго пляча (Алег баяўся толькі, каб, крый Бог, не ўбачыла іх у такой далікатнай блізкасці жонка), ішла і даверліва расказвала:

      – Ты разумееш, ён настолькі быў правільны, настолькі прыстойны – аж да непрыстойнасці. Прыйдзеш з работы, а ён ужо сядзіць дома – чысценькі, акуратненькі, прычасаны, зашпілены на ўсе гузічкі, пантофлікі на нагах – з нейкімі буклямі, – ветлівы, культурны; сядзіць і газетку чытае. І ўвесь час так, з дня ў дзень так – «прабачце», «калі ласка», «дазвольце». Пасварыцца і то як след не ўмее. Я прыйду, пагляджу на ўсё гэта – і не магу: цяжка, невыносна, няма нават чым дыхаць! Ну спазніся ты, д’ябал, хоць на мінутку, ну затрымайся дзе, ну закуры – хай хоць у хаце мужчынам запахне, – ну напіся ўрэшце, прыйдзі п’яны, каб я з цябе чаравікі зняла, у ложак цябе сама паклала, ну вылайся ты хоць раз – салёна, па-мужчынску, ну пабі якую вазу. Аж не, прыйдзеш з працы, а ён ужо сядзіць на крэселку – чысценькі, акуратненькі, у пантофліках, – яна крыху задумалася, потым дадала: – Я разумею, Алег, ты недзе думаеш пра мяне – вар’ятка. Разумею, што калі б ён і напраўду быў такі – і піў, і курыў, і лаяўся, – я злавалася б, плакала і пакутавала. Але ж і гэтак таксама душна. Разумееш – душна. Ды пакажы ж ты, д’ябал, хоць раз, што ты сапраўдны мужчына…

      Майка і праўда была крыху дзівачка. Яна ўсё шукала нейкі ідэал, казала, што ёй падабаюцца высокія, стройныя, кучаравыя, прыгожыя. Але знайсці такога сярод сваіх знаёмых пакуль што ёй не ўдавалася: адзін быў высокі, але сутулы, другі – стройны, але не кучаравы, трэці – кучаравы, але непрыгожы.

      А Кірык, горкі п’яніца, з якім пазнаёміў яго

Скачать книгу