Скачать книгу

амаль дзявочыя грудзі і белыя, як нечапаны снег, трусікі. Зараз ён паспешлівей, больш рашуча адвярнуўся, але і адвярнуўшыся нібыта ўсё роўна бачыў яе расхінуты халацік і, не гледзячы нават, адчуваў, як, не спяшаючыся, захінаецца ім Лена.

      Ён зараз злаваўся на жанчын. Ён, уражаны і абражаны здрадаю жонкі, быў у такім стане, калі чалавеку не да распусты і не да юру.

      Відаць, гэта зразумела і Лена, бо неўзабаве прынесла назад прас, але на гэты раз яна ўжо была апранута, як на вуліцу: паліто, шапачка, боцікі-панчохі. Прынесла, аддала і, нібы спяшалася куды, пайшла назад – яе абцасікі паспешліва зацокалі па прыступках, – а Алегу адразу паспакайнела, бо ён ужо, нягледзячы на свой настрой, не ведаў, ці стрымаецца, калі яна ў тым жа халаціку, які так зручна расхінаецца, зойдзе ў хату зноў…

      I ўсё ж пакуль што яму было не да жанчын. Ён, і да гэтага крыху маўклівы, зараз яшчэ больш зацяўся, хадзіў задуменны, слухаў усіх і маўчаў. Спрабаваў разабрацца ў сабе, у тым, што здарылася, але чым далей разбіраўся, тым больш бачыў, што нічога не зможа зразумець.

      «Жыві як хочацца»… Гэтага жончынага афарызму, які яна так лёгка паставіла ў канцы сваёй запіскі, ён не разумеў – злаваўся на яго і нават ненавідзеў. Але той, як прытопленая ў вадзе крыга, зноў і зноў усплываў у яго думкі і балюча цёрся аб іх сваімі абламанымі – вострымі і шурпатымі – краямі.

      За форткаю, па мокрым шкле, нібы прыклееная да шыбы, паўзла – дзе там паўзла: плыла! – божая кароўка, якая ўсё яшчэ, нягледзячы на халады, жыла ў яго. Ён дастаў яе – усё, што было ў хаце жывое, Алег зараз шанаваў і бярог – і пасадзіў на сухое: яна адразу ж, пакідаючы за сабою мокры след, папаўзла чамусьці ў другі бок.

      Дык што ж гэта ўсё-такі значыць – жыць як хочацца? Што значыць? Можа, жыць як хочацца – гэта завесці сабе кампанію (не, аддаць сябе ў кампанію п’яных сяброў, так будзе больш правільна) і дзе-небудзь у чадным, задымленым пакоі, дзе не відно і субяседніка, над недапітымі чаркамі, над закуссю, якая толькі пры гарэлцы пахне гэтак даўка і непрыемна, спрачацца да хрыпаты аб сусветных праблемах, грэбліва не заўважаючы ўсяго, што пад нагамі, п’яна высвятляць, надоўга ці ненадоўга хопіць нам зямлі і сонца? А можа, для таго, каб жыць як хочацца, трэба завесці статак жанчын і па чарзе хадзіць да іх у госці, гаворачы кожнай няшчырыя і часцей за ўсё банальныя словы – маўляў, якая ты прыгожая, якая харошая, адзіная мая, – і ўсё гэта толькі дзеля таго, каб пераспаць з ёю і, перахітрыўшы цудоўныя законы працягу чалавечага роду, проста спатоліць сваю ахвоту?

      А можа, якраз раней ён жыў так, як хочацца – тады, пры жонцы, пры Вовачку, пры харошай сям’і і харошай рабоце? Можа, якраз у гэтым шчасце? Ён жа недзе чытаў, што для радасці чалавеку трэба ўсяго толькі дзве рэчы: харошая сям’я і харошая праца. Чалавек пачуваецца шчаслівым, калі раніцою з радасцю бяжыць на працу, а ўвечары – таксама з радасцю – вяртаецца дадому. I нават ужо дастаткова аднаго – харошай працы ці харошай сям’і, – каб чалавеку было цёпла ў гэтым, не заўсёды ласкавым, свеце.

      Яшчэ

Скачать книгу