Скачать книгу

ў расшпіленай кашулі, навушніках і з ноўтбукам на каленях. Спінай яна абаперлася аб сцяну, а на драўлянай падлозе вакол грувасціліся аркушы з запісамі. Якуб паставіў шклянку на гаршчок, павернуты донцам дагары. Надзя перастала пісаць, падняла галаву, крыху ссунула навушнікі і доўга глядзела хлопцу ў вочы – задуменна, пранікліва і з дзіўнай павагаю.

      – Куба, – нарэшце прамовіла яна, – мне трэба сказаць табе нешта вельмі важнае.

      Ён нервова зачасаў валасы назад і прысеў перад ёю. Яна прыцягнула яго за галаву да сябе, рассунула вусны языком і доўга цалавала.

      – Я цябе вельмі моцна кахаю, ты ж ведаеш? – шапнула дзяўчына.

      Яна ўзяла шклянку, прагна выпіла ваду да дна і моўчкі пачала зноў настукваць нешта на клавіятуры. Усё яшчэ седзячы, Якуб ашаломлена глядзеў на яе грудзі, і Надзя не магла гэтага не заўважыць. Яна перастала пісаць, усміхнулася, зашпіліла гузікі і, пакруціўшы галавой, сказала:

      – Не цяпер.

      Ён сеў побач і моўчкі агледзеў паперы на падлозе. У асноўным гэта былі графікі і фотаздымкі з фрагментамі муроў, сцен, падлог альбо столяў нейкай будыніны. Падпісаныя яны былі па-нямецку і часам – па-англійску.

      – Як толькі скончу з гэтай дакументацыяй для Карыны, давай што-небудзь з’ямо. Я зраблю таматны суп з локшынай – можаш пачынаць радавацца, – сказала Надзя. – Я хутка. Абяцала сёння зрабіць гэтую ацэнку, Карына вельмі чакае. Хаця насамрэч мацней чакае Алекс.

      Карына. Надзіна выкладчыца. Зноў яна, падумаў Якуб, назіраючы за маленькім смешным тэр’ерам, які пралез пад сеткай і цяпер як шалёны бегаў па палісадніку, ганяючы галубоў. Карына ўсё часцей урывалася ў іх жыццё. Якуб пазнаёміўся з ёю некалькі тыдняў таму. Было ўжо за поўнач, яны з Надзяй сядзелі на кухні і раптам пачулі гучны стук. За дзвярыма, схаваўшыся за вялізным букетам руж, стаяла ўсмешлівая худая брунетка веку Якубавай маці. Вельмі падобная да яе. Ён памятае, як яна акінула яго дапытлівым позіркам і, гучна смеючыся, прамовіла:

      – Я думала, што буду першая, а вы паглядзіце – нехта апярэдзіў. Спадзяюся, я вас не з ложка выцягнула? – яна ўвапхнула агромністы букет Якубу, абняла Надзю і дадала: – Такога я б сабе не прабачыла.

      Яна адмаўлялася заходзіць, маўляў, я толькі Надзю павіншую і пайду. Надзя практычна сілай зацягнула яе ў перадпакой. Якуб нічога не разумеў: ён не ведаў гэтай жанчыны; і навошта букет – таксама не ведаў. Не ўяўляў, пра якія віншаванні вялося.

      Яны зайшлі на кухню. Якуб паклаў букет на стол. Жанчына падала хлопцу руку.

      – Карына, – прадставілася яна і, не чакаючы адказу, з усмешкай дадала: – А вы ж Якуб, так? Я ўпэўненая, што недзе вас бачыла.

      Ён уважліва паглядзеў на яе, напружваючы памяць. Не, нічога не ўспаміналася.

      – А вы шчасліўчык, – жанчына павярнулася да Надзі: – Налі мне гарэлкі, халодненькай, не шкадуючы, і адразу пабягу. Алекс у машыне чакае. Не хацеў заходзіць, бо да Цюрыха дарога доўгая, баяўся, што з польскага дома я не выйду, па-першае, хутка і не абразіўшы гаспадароў,

Скачать книгу