ТОП просматриваемых книг сайта:
Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Читать онлайн.Название Канец адзіноты
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7210-41-1
Автор произведения Януш Леон Вишневский
Жанр Современные любовные романы
Издательство ЭК
І часам хвалявала так моцна, што астатняе пераставала мець значэнне. Надзя бегала пратэставаць ля судоў, разам з жанчынамі ў чорным раскрывала парасон, адзявала помнікі ў майкі з надпісам «Канстытуцыя». Яна лічыла, што так правільна, што нельга заставацца ўбаку, бо гэта і яе краіна таксама і «тата зрабіў бы тое ж». І таму, напрыклад, не згаджалася з «тым хлопчыкам», што спяваў: «Не хачу жыць палітыкай. Маршыруйце па горадзе, біце ў ладкі, а я дочкам згатую вітаміннай салаткі». Тое, што ў гэтага «фердамт Паўліка Дамагалы, таксама міленіяла, толькі крышку старэйшага за мяне», аж пяцьдзясят шэсць мільёнаў праглядаў на ютубе, было для Надзі «верхам канфармізму». «Ну так, самае важнае – гэта ж чарка, скварка і вітамінная салатка». І калі Надзя так казала, Якуб выразна чуў злосць, што вібрыруе ў яе целе і голасе.
Акурат што да ўцёкаў іх пакалення ад палітыкі ён не зусім падзяляў Надзіны погляды. Не для ўсіх меў значэнне дзяржаўны цырк на Вейскай вуліцы2. А калі іх нават гэта і абражала, абурала і выклікала агіду, то часу, сілы, жадання і энергіі на тое, каб змагацца з палітычнай павесткай, ім не хапала. Бо ўсе сілы, уся энергія і ўвесь час ішлі на барацьбу са штодзённасцю. Не ўсім студэнтам жылося так добра, як Якубу. Дах над галавою, адно сняданне на стале, другое ў заплечніку, некалькі соцень злотых на шакаладкі штомесяц плюс неабмежаваная сума на кнігі, а калі трэба – то і на падарожжы з гаджэтамі. Сапраўдная ідылія, калі параўнаць яго з аднакурснікамі, якія засыналі на лекцыях, бо леглі а чацвёртай не таму, што да ранку гулялі, а таму, што працавалі ў начную змену ў KFC ці «Макдоналдсе». Але найгорш было тым, хто даўно адвучыўся: яны рабілі ўсё што можна, каб не вяртацца ў родныя вёскі і гарадкі без будучыні. «Шчасліўчыкі», якія здолелі ўладкавацца ў карпарацыю. Па руках і нагах звязаныя крэдытамі, ноччу яны дадаткова працавалі кіроўцамі на «Уберы», бо адказвалі за сем’і, якія стварылі, і за будучыню дзяцей, якіх прывялі на свет.
Але разам з тым адстароненасць ад палітыкі і замыканне на ўласных справах часта прапагандавалі маладыя людзі, якія змаглі зрабіць кар’еру ў СМІ. Прычым не толькі нікчэмныя селебрыці, якія апошнім часам, каб дадаць сабе значэння, пачалі называцца інфлюэнсерамі, але і больш-менш паважаныя творцы, людзі, якія чагосьці дабіліся.