Скачать книгу

успаміналі. Якуб памятае, што, калі ў місцы не засталося варэнікаў, Надзя ўзяла з лядоўні рыбу і на маленькай патэльні пасмажыла філе карпа. «Што за Каляды без карпа!» – абвясціла яна, калі ён папрасіў яе не ўставаць з-за стала.

      У нейкі момант ён неабачліва спытаў, навошта Надзя сюды ўцякла і чаму яна цяпер не з бацькамі. Дзе яны святкуюць? Чаму не з ёю? І памятае, што пасля гэтага яна доўга глядзела на яго, нібыта штосьці вырашаючы. Раптам ускочыла, дастала з лядоўні дзве бутэлькі белага віна і моўчкі паставіла на стол. Знайшла ў буфеце дзве высокія шклянкі. Наліла да краёў. Не чакаючы Якуба, адным глытком напалову спаражніла сваю. І пачала гаварыць. Спакойна, часам манатонна, нервова скрабучы цырату, часам падымаючы галаву, каб праверыць, колькі віна засталося ў шклянцы, альбо крадком зірнуць у вочы Якубу. Ён не перарываў і ні пра што не пытаў – моўчкі, засяроджана слухаў яе аповед, якога абсалютна не чакаў. У тым аповедзе пра смерць было больш, чым пра жыццё. Часам ён нямеў, часам – дранцвеў. Надзя заўсёды была вельмі канкрэтная і нават калі трохі адступала ад сутнасці, то пасля ўсё адно вярталася да тэмы. Такою засталася і падчас свайго каляднага маналогу: паслядоўна адказвала на пытанні Якуба, адначасова расказваючы сваю біяграфію. Раз-пораз яна пачынала фразу са слоў «маці тады не было, бо…» ці «таткі тады не было, бо…», «я ўцякала, таму што…». І тады яе голас зрываўся, яна сціхала. Але толькі на хвіліну. Потым яна рабіла глыбокі ўдых і вярталася да спакойнага тону. Калі Надзя скончыла і ў кухні павісла маўчанне, дзяўчына пацягнулася па віно. Якуб глядзеў, як яна павольна, не спяшаючыся, глыток за глытком, п’е. Ён бачыў яе ашклянелыя ад слёз вочы і руку, якая дрыжала так моцна, што віно цякло па пальцах. Дапіўшы, Надзя прычасала валасы пяцярнёю. Потым устала, падышла да Якуба, села яму на калені, пацалавала ў вусны і сказала:

      – А цяпер абдымі мяне і крыху памаўчы.

      Яна паклала галаву яму на плячо, ён моцна абняў яе, і так яны сядзелі нейкі час. Урэшце Надзя ўзяла Якуба за руку, і яны вярнуліся на паддашша. І толькі там, у цемры, ён пачаў задаваць пытанні, прасіў расказаць падрабязней і растлумачыць. Прасіў прабачэння, калі яна пачынала плакаць. Спаць яны пайшлі толькі пасля чацвёртай. Якуб сказаў Надзі, што да снядання хоча вярнуцца дадому, і яна завяла вялізны старамодны будзільнік, які аглушальна цікаў, на ўсякі выпадак паставіўшы яго на стале, далёка ад матраца.

      Прачнуліся яны без будзільніка. Якуб адчуў, што яго цалуюць у павекі, і адразу пасля гэтага – водар кавы. Завярнуўшыся ў адну прасціну, яны пілі на балконе каву з эмаліраваных кубкаў, моўчкі назіраючы за людзьмі, што спяшаліся ў касцёл. Калі Якуб сыходзіў, Надзя адбегла ад парога і вярнулася з дыскам Кортэза.

      – Уключы яго маме сёння. Паміж калядкамі, – сказала яна, кладучы дыск у пусты заплечнік. Потым абняла і пацалавала хлопца, усунуўшы яму ў руку ключ і заціснуўшы пальцы.

      – Прыходзь сюды як мага часцей, – прашаптала яна. – Але цяпер ідзі. Табе нельга спазняцца.

      Калі ён зачыняў крывую брамку, Надзя крыкнула ўслед:

      – Шчаслівых

Скачать книгу