Скачать книгу

хутка пабегла на кухню, а вярнуўшыся, увапхнула яму ў рукі форму для выпечкі, завернутую ў фольгу, і сказала:

      – Куды б ты ні ішоў, макоўнік ніколі не лішні. Калі будзеш начаваць не дома, калі ласка, вярніся да снядання. Без цябе не сядзем. Будзем чакаць. Памятай пра гэта, – дадала яна, цалуючы яго ў шчаку.

      Надзін дом пераліваўся агнямі. На ўсіх шыбах зіхацелі падсвечаныя з сярэдзіны ялінкі, блішчалі зоркі і зорачкі на сініх і блакітных небасхілах, караскаліся на балконы святыя Мікалаі ў чырвоных мантыях. У палісадніку на некалькіх голых парэчкавых кустах мігцелі гірлянды. Аднапавярховы фахверкавы дамок на фоне раскошных пяціпавярховых шматкватэрных будынкаў, што акружалі яго з трох бакоў, выглядаў як фрагмент ілюстрацыі з іншай казкі.

      – Я ўсё думаю, як жыхарам з «васьмёркі» ўдалося захаваць дом і ўчастак. Па сённяшніх часах гэта альбо гераізм, альбо да чорта грошай. Ведаеш пра гэта што-небудзь? – спытаў малады кіроўца, калі яны спыніліся перад Надзіным домам.

      Якуб са здзіўленнем паглядзеў на яго.

      – З чаго б мне ведаць?

      – Бо я цябе, дружа, ужо васямнаццаты раз сюды вязу, калі паглядзець у гісторыю паездак. Ну, я і падумаў, што ты можаш нешта знаць, – з усмешкай адказаў кіроўца.

      – Праўда? – спытаў уражаны Якуб. – А, ну так, гэта ж «Убер». Я для вас кавалак кода пісаў. Усё вы ведаеце. Больш, чым падатковая. І паліцыя нораваў, – ён паківаў галавой. – Крыху ведаю, але гісторыя гэта доўгая і заблытаная, а я вельмі спяшаюся. Раство і ўсё такое. Да таго ж не ўпэўнены, што гэта не падпадае пад закон аб абароне дадзеных. Як і гісторыя паездак. Правільна я кажу, дружа? – ён саркастычна засмяяўся і паспешліва вылез з машыны.

      Праз хвіліну ён стаяў на ганку, прыслухоўваючыся. З дому не даносілася ні гуку – там панавала поўная цішыня. Якуб асцярожна пастукаў у драўляныя дзверы чыгунным дзвярным малатком у форме падковы і раптам адчуў дзіўную нервовасць і трывогу. Вось як перад экзаменам. І падумаў, што гэта нейкі ідыятызм.

      Нарэшце дзверы зарыпелі, і на парозе асветленай вітальні паказалася Надзя – з бакалам віна ў руцэ, у кароткай чорнай карункавай сукенцы з голымі плячыма, з заплеценымі ў касу валасамі, перавязанымі залацістай стужкай у буйны чорны гарошак. Якуб ніколі раней не бачыў яе такою. Вочы, падкрэсленыя ценямі, падаліся яму неймаверна вялікімі, як і вусны, нафарбаваныя чырвонай памадай. Невядомая яму Надзя. Іншая. Яшчэ і плечы гэтыя голыя. І абрысы грудзей, абцягнутых сукенкай. Помніцца, яна заўважыла яго ступар. Усміхнулася, паднялася на дыбачкі і, далікатна пацалаваўшы ў шчаку, шапнула:

      – Нарэшце ты прыйшоў.

      Узяла яго за руку і праз вузкі цёмны калідор правяла ў вялікі пакой. Ён адчуў пах старога дрэва і сушаных грыбоў. Пакой асвятляла некалькі бра ў форме падсвечнікаў.

      Надзя моўчкі аддала яму свой кілішак і, гледзячы Якубу проста ў вочы, пачала расшпільваць гузікі на яго куртцы. Павольна. Адзін за адным. Было ў гэтым штосьці пачуццёвае і сэксуальнае. Ён застыў на месцы, гледзячы на яе рукі, і ў нейкі момант выпусціў заплечнік, які ціха

Скачать книгу