ТОП просматриваемых книг сайта:
Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Читать онлайн.Название Канец адзіноты
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7210-41-1
Автор произведения Януш Леон Вишневский
Жанр Современные любовные романы
Издательство ЭК
Ён закрываўся ад удараў, гучна смеючыся. Стаміўшыся, яна схілілася, накрыла яго твар падушкай і, цяжка дыхаючы, прашыпела праз зубы:
– Я б цябе з радасцю прыдушыла, каб ты ведаў. Хіба што… у цябе ёсць якая ідэя, каб узнагародзіць мае пакуты.
Ён павольна зняў падушку з твару. Надзя стаяла на каленях побач з ім, апусціўшы рукі. Шырокія лопасці вентылятара ляніва круціліся, пераразаючы святло, што падала праз прастакутнае мансарднае акно і клала на твар, грудзі, жывот і сцёгны Надзі рухомыя спіралі ценяў. Яе вочы то з’яўляліся, то знікалі. Якубу здавалася, што яны ўсё павялічваюцца і блішчаць усё мацней. Блішчалі і прадкі яе валасоў, намоклыя ад поту.
Як ён любіць яе валасы… Доўгія, густыя, цёмна-мядовыя зімой і ўсе ў пералівах колеру сухога коласа летам. Любіць, калі яна забірае іх уверх, блізка да скуры – а потым заплятае ў патройную касу. Любіць глядзець на яе, калі яна расчэсваецца. Гэта робіць яго ціхамірным і спакойным. Чароўна гіпнатызуе. Часам Надзя перавязвае касу шырокай атласнай стужкай, часцей за ўсё – яго любімага пунсовага колеру. Ён любіць пасмоктваць яе валасы, любіць іх пах, любіць дакранацца да іх, зарывацца ў іх вуснамі і пальцамі. І мыць іх любіць. Ён часта схіляецца над Надзяй, якая сядзіць у ванне – звычайна з кнігай у руках. І дзяўчына тут жа яе адкладае, крыху падымаецца з пены, што пахне лавандай, а ён, не кажучы ні слова, доўга і пяшчотна ўцірае шампунь у яе цяжкія ад вады пасмы, якія падаюць на плечы. Потым павольна і старанна змывае іх пад душам. Ён добра ведае, што вада мусіць быць гарачай настолькі, каб нямоцна апякаць скуру на вонкавым баку перадплечча, але не ягонай рукі. Здараецца – а апошнім часам кожны раз, – што ў пэўны момант Надзя паварочвае галаву, і вада струменямі сцякае па яе твары, збіраючыся на пагорачку прыадкрытых вуснаў. Тады ён выпускае душ, бярэ яе твар у рукі і доўга цалуе вусны, а потым шчокі, лоб, павекі. Бывае, Надзя ў бяспамяцтве зацягвае яго ў ванну, таму цяпер ён стараецца загадзя даставаць з кішэні тэлефон і партманет: з тае пары як ён пачаў масіраваць Надзі галаву, загінулі ўжо тры тэлефоны.
Яе валасы… Яго фетыш. Магічны.
З таго моманту як яны пазнаёміліся, Надзя распускае валасы толькі для яго. Ён ведаў, што яго чакае, калі яна выходзіла з ваннага пакоя з распушчанымі валасамі. І ніколі не памыляўся.
Хаця гэта пераважна ён яе «разнявольваў», як яна сказала аднае ночы. Часцей за ўсё – калі яны кахаліся. Выпусканне валасоў на свабоду было інтымным момантам, які меў права спазнаць толькі ён, Якуб. Так было і так ёсць. Толькі ён. Як адзіны ў свеце мужчына. Здаралася, гэта нагадвала рэлігію, якую ён апошнім часам недалюбліваў, але чаго ўжо там…
Апроч загару ён убачыў лёгкі сып у яе на скуры крыху ніжэй за шыю. Калі Надзя ўзбуджалася – не толькі сэксуальна, хаця перадусім так, – у яе з’яўляўся сып. Дактары казалі, што гэта фізіялагічная рэакцыя – на рэзкае павышэнне ўзроўню адрэналіну ў крыві, рэакцыя, відаць, не такая ўжо рэдкая, а ў жанчын – дык і даволі пашыраная. Надзя яе не так саромелася, як баялася,