ТОП просматриваемых книг сайта:
Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Читать онлайн.Название Канец адзіноты
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7210-41-1
Автор произведения Януш Леон Вишневский
Жанр Современные любовные романы
Издательство ЭК
Ён бясшумна споўз уніз па прасціне, дакрануўся вуснамі да маленькай вясёлкі на выпукласці і шапнуў:
– Добрай раніцы, каханая.
Яна рэзка павярнула галаву. Безуважна паглядзела на яго. У яе вачах ён заўважыў слёзы.
– Чаму ты плачаш? Што такое? – спытаў ён, кленчачы над ёю.
Яна павярнулася на спіну і прыкрыла грудзі разгорнутай кнігай. Доўга не адказвала, пяшчотна гладзячы яго па шчоках і вуснах кончыкамі пальцаў.
– Гэта ўсё кніга, – шапнула яна неўзабаве.
Краем вока ён зірнуў на патрэсканую і месцамі патрапаную аранжава-карычневую вокладку, на якой цалавалася пара.
– Кніга? – прашаптаў ён, прыціскаючыся вуснамі да яе запясця. І, не хаваючы здзіўлення, спытаў: – Ты плачаш праз нейкую кніжку? Ты? Такая вялікая дзяўчынка? Я думаў, ты такіх кніжак ужо не чытаеш, – у яго голасе прарэзалася насмешка.
– А канкрэтна? Гэта якіх «такіх»? – адказала яна і рэзка прыпаднялася на локцях. Кніга павольна спаўзла ёй на жывот, адкрываючы грудзі.
– Ну, такіх… такіх… – заікаўся ён, шукаючы прыдатнае слова.
У яе позірку з’явілася раздражненне, а ў голасе – нецярплівасць. Ён добра ведаў, што, калі Надзя кажа «канкрэтна» гэткім тонам, часцей за ўсё гэта пачатак спрэчкі, а то і сваркі. Спрачацца з ёю ён вельмі любіў, сварыцца часам таксама – у асноўным таму, што пасля яны цудоўна мірыліся. Але цяпер, калі яна голая ляжала побач, гэта было апошняе, чаго яму хацелася.
– Ну, назавём іх рамантычнымі, напрыклад, – дагаварыў ён і схіліўся, каб пацалаваць яе грудзі.
Але яна не дазволіла – скрыжавала рукі, уперлася далонямі яму ў лоб, падняла ягоную галаву і, гледзячы ў вочы, спытала:
– А ты? Ты ніколі не плакаў над кніжкай?
У яе голасе ён пачуў рашучасць і добра знаёмую яму задзірлівасць і спакойна адказаў:
– Нешта не прыгадваю. Хіба што над якой зусім ідыёцкай. Са злосці, што мушу марнаваць час на такую дурату, – прагучала гэта кпліва.
– Вельмі дзіўна, – ціха адказала яна, не рэагуючы на яго жарт.
– Чаму?
– Таму што ты вельмі чуллівы. Я ніколі раней не сустракала такога чуллівага хлопца, як ты. Таму і дзіўна. Вельмі.
Яна павярнулася на бок і прыціснулася азадкам да яго жывата. Колькі часу яны моўчкі ляжалі абняўшыся.
– У сваю абарону, – шапнуў ён неўзабаве, – магу сказаць, што над кніжкамі я, можа, і не плакаў, але над лістамі – так. І нават даволі часта. Калі ўжо мае слёзы падчас чытання такія важныя.
– Ты ніколі пра гэта не расказваў, – памаўчаўшы, адказала яна.
У яе голасе ён пачуў смутак. Яна рэзка павярнулася да яго і адцясніла на край ложка. Іх вочы цяпер