ТОП просматриваемых книг сайта:
Канец адзіноты. Януш Леон Вишневский
Читать онлайн.Название Канец адзіноты
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7210-41-1
Автор произведения Януш Леон Вишневский
Жанр Современные любовные романы
Издательство ЭК
Ну што за паскудства! Трэба мець ускрай нямецкае адчуванне парадку, каб прыдумаць гэтую «тэхнічную прычыну». Хаця па сутнасці ад праўды недалёка, бо самалёт, які пасля ўдару аб паверхню акіяна разваліўся на тысячу частак, больш не паляціць з самых тэхнічных на свеце прычын. Да сёння памятаю сюррэалістычны ў тых абставінах спакой у голасе дыктаркі. Яго я таксама ніколі не забуду.
Памятаю, што потым сядзела на нейкай пустой лаўцы, роўна насупраць малочна-белых дзвярэй, якія з рыпеннем расчыняліся і зачыняліся, а парцье, стоячы побач на каленях, запэўніваў, што «ён выйдзе проста з гэтага калідора».
Нарэшце вытрымка мяне пакінула, і я заплакала, і адчула, як па ўсім целе хваляй разліваецца ўдзячнасць. І мне вельмі захацелася тую ўдзячнасць неадкладна выказаць, але я не ведала, каму дзякаваць, таму пачала дзякаваць Богу, хаця ў Бога я ўжо тады не верыла…
І акурат тады чарговы раз тыя скрыгатлівыя малочна-белыя дзверы расчыніліся…
І выбег ён. Спыніўся на імгненне. Нервова азірнуўся, выглядаючы нешта. Упершыню рэальны. Усё яшчэ на адлегласці, але нарэшце не віртуальны. З плоці і крыві. Урэшце рэальны.
Яна падняла пустую шклянку, языком падчапіла кубік лёду і паклала ў рот. Астатнія высыпала на далонь і прыклала да твару, на якім гарэла скура.
– Ён заўважыў мяне. І калі пачаў паволі набліжацца, я імгненна забыла пра Бога і пра ўдзячнасць, пра тое, што з размазаным макіяжам і вялізным кровападцёкам на руцэ выглядаю як скончаная наркаманка. Захацелася ўскочыць з лаўкі і бегчы да яго. Дакрануцца да яго. І толькі тады паверыць канчаткова.
Але я не здолела. Ногі нібыта прыраслі да мармуровай падлогі.
Можа, да лепшага? Можа, у гэтым быў нейкі план? Жанчына не павінная бегчы да мужчыны. Нават калі закаханая. Асабліва калі закаханая.
Памятаю, што, калі ён падышоў да маёй лаўкі і паглядзеў на мяне сваімі вялізнымі сумнымі блакітнымі вачыма, я прыклала палец да вуснаў, просячы нічога не казаць. А потым… – жанчына ўздыхнула і запаліла чарговую цыгарэту. – Потым ужо толькі…
Раптам у гасцёўні запалілася святло. Яна сціснулася. Праз імгненне пачуліся крокі. Жанчына паспешліва раздушыла цыгарэту аб кубікі лёду ў шклянцы і схавала яе паміж ног, накрыўшы начнушкай.
@1
Яго абудзіла хваля цяпла. Нейкая дзіўная, бо яму здавалася, што гэтае цяпло дакранаецца толькі да ягонай спіны. Павекі павольна падняліся. Вясёлкі, падумаў ён, жмурачыся. Мноства маленькіх вясёлак, накладзеных адна на адну. Што за фігня? Так, яны ўчора курылі траву, але не тое каб шмат. Дакладна не столькі, каб кайфаваць да раніцы. Адзін касяк на нос, не больш. На сярэдзіне свайго Надзя расшпіліла кашулю і зняла станік. Ён памятае