Скачать книгу

фарба кроплямі застыла на сярэдзіне сцяны («Трэба будзе перафарбоўваць», – меркаваў святар). Тысячы мундзіраў збіралі на сябе пыл вясковай дарогі. Яны ішлі, як на свята, дзе кожны, селянін і шляхціч, купец і сенатар, знойдзе сабе смерць.

      21 ліпеня 1993 года

      – …з вёскі я, да бабулі прыехаў, – выцер нос рукавом хлопчык.

      Сухі дзядуля пазіраў на нечаканасць, што напаткала яго якраз у час падвячорка. Пацёртая куртка, хутчэй за ўсё старэйшага брата, звісала з плеч, гумавыя боты даходзілі аж да калена, а ў даўгіх валасах заблыталася ігліца.

      – Шмат жаб’юкоў напаткаў? Дай глянуць?

      Хлопчык працягнуў плецены круглы кошык, у якім ляжалі некалькі падбярозавікаў, лісічкі, даволі вялікая сям’я сыраежак і некалькі грыбоў, што вырашылі застацца інкогніта для хлопца.

      – Гэта бабці маёй, гэта суседцы… – дзядуля запусціў руку ў грыбы.

      – Не дам, гэта маё. Сабе самі збірайце, – схаваў здабычу за спіну хлопец.

      – Бач які. Дзяліцца не хоча. Ты б усё роўна гэтыя дома выкінуў. Не ведаеце вы, як смачна прыгатаваць пяркожаў. Яшчэ і старых не паважае, – зазірнуў цераз падлеткавае плячо дзядуля. – Давай я табе распавяду тры казкі, а ты мне за гэта дасі тры жаб’юкі.

      – А можа, лепш шлях да вёскі пакажаце?

      – А можа, і пакажу…

      Стары ведаў усе сцежкі ў гэтым лесе. Чорнае дрэва, сто крокаў да маліны, улева, пакуль не ўвапрэшся ў буяк, абысці бервяно, якое засялілі імхі, тры крокі ўбок (каб не наступіць у скарбніцу вавёркі), яшчэ пяць дзясяткаў крокаў на поўдзень…

      – Дык вось, – стары ўзяў у рукі першы грыб, жоўты, як сонейка. – Жыў на вялікай гары стары цмок. Калі ён быў малы, усе навакольныя вёскі шкадавалі яго, прыносілі ежу ды дапамагалі па гаспадарцы. А цмок рос і рос, і было яму ўсяго мала. Бараны і быкі, золата і каменне, прыгожыя дзяўчаты і магутныя хлопцы – ён жадаў больш. І пачаў цмок захопліваць наваколле: вёскі, мястэчкі, гарады, палі, рэкі ды азёры. Тыя, што выходзілі супраць жахлівай пачвары, больш не вярталіся дадому. Пралятаў ён аднойчы над гэтымі мясцінамі і ўбачыў вялізнае возера, што памерамі сваімі з морам спрачалася. Вада ў ім была зялёная-зялёная, шчыльная, што на локаць нічога не відаць. Здзівіўся цмок ды прызямліўся на бераг, побач з мядзведзем, што вудзіў рыбу. Спытала тады лятаючая істота істоту бурую: «Чаму возера гэтае такое зялёнае, нібы не з вады зроблена? Там, адкуль я прыляцеў, уся вада брудна-блакітная, як восеньскі небасхіл». Мядзведзь зачарпнуў вады з возера, дзьмухнуў на яе, і поўсць яго пакрылася інеем, а ў лапе з’явіліся зялёныя крышталі. «Гэта не простая вада. Гэта – вадкі смарагд. Яшчэ малады, толькі нарадзіўся», – адказаў мядзведзь і кінуў крышталі ў ваду. Узрадаваўся цмок – гэта ж столькі смарагду! Ён зможа абкласці сваю гару поўнасцю, зробіць смарагдавы ложак, вялізны каток… Набраў ён крылом вады як мага больш, удыхнуў мацней і як дзьмухнуў на зялёную вадкасць, аж дым з ноздраў вырваўся. Вада зашыпела і ператварылася ў пару.

      «Што ты мне лжэш, мядзведзь? Як ты ператварыў ваду ў крышталь? Адказвай, а не то я спалю ўсё наваколле, а цябе жывога скіну з самага небасхілу, і ляцець ты будзеш тры дні да зямлі,

Скачать книгу