Скачать книгу

Ідуць на свята, дзе кожны – заможны ці жабрак, малады ці стары, каталік, праваслаўны, уніят ці мусульманін – знойдзе сабе месца.

      – Хлопча, гэта якая вёска?

      Ля плота спыніўся малады ўлан у блакітным мундзіры. Смуглы загарэлы твар добра паголены – ні вусоў, ні барады. Дзіда, што вісела на правым баку каня, абкручана жоўтымі ды блакітнымі стужкамі, якія на канцы ўтваралі невялікі сцяг.

      – Хмелева, пане.

      – Добра. А дзе ў вас царква? Далёка?

      – У канцы вёскі, пане. Яблык не паспееш з’есці, пакуль ісці будзеш. А васпан на кані – то яшчэ хутчэй.

      Улан кінуў хлопчыку зацукраваны абрыкос і рушыў далей.

      – Базыль, давай хутчэй, пакуль там людзей не зашмат набілася.

      – Рушу, Янка, – другі ўлан падагнаў свайго каня.

      На двары ля царквы адпачывалі з дзясятак пехацінцаў гвардыі кароннай. Яны адганялі ад будана стрэльбаў хлопчыка, што круціўся побач і спрабаваў памацаць то карабін, то шаблю, то ладунку. Ля сцяны стаялі драбіны, вымазаныя ў блакітную фарбу.

      Пяцёра ўланаў прывязалі коней да яблыні і ўвайшлі ў расчыненыя дзверы царквы. Днём свечкі не запальваліся, і сонечны свет вольна запаўняў праменямі будынак праз мутнае шкло ваконцаў, наўмысна асвятляючы ці хаваючы іконы. Пахла ёдкім ладанам і сасновай смалою.

      – …і Святага Духа. Амэн. Ідзі, раб Божы, – адпраўляў еўхарыстыю ойча Серафім.

      Уланы падышлі да алтара, але не перахрысціліся і сталі чакаць, пакуль святар скончыць з пехацінцамі.

      – Святы ойча, мы хочам пакланіцца Маці Божай Чанстахоўскай перад далёкім паходам.

      – Добра, але ж я раю вам паспавядацца, хай і няшмат часу, – павёў ён уланаў да нішы, што была злева ад алтара.

      На якасным спісе іконы Божая Маці трымала на руках маленькага Ісуса, як самы вялікі скарб. Хрыстос жа сваім скарбам выбраў Кнігу. Адзенне іх было ўсеяна лілеямі. На твары жанчыны адбіліся сляды цяжкага шляху іконы ад Рыма да Чанстаховы – нават гэта мастак пастараўся перанесці на спіс. Янка ўзгадаў, як ў дзяцінстве адправіўся з бацькам і дзедам да чанстахоўскага манастыра. У старога Ліпініча балела рука, параненая ў бойках за канфедэрацыю, і ён вельмі спадзяваўся, што святая выява ацаліць. Янка тады яшчэ верыў у цудадзейнасць малюнкаў. Але потым дзед памёр. Памёр праз дзень, як яны вярнуліся ў свой маёнтак пад Камянцом. І Янка аддаў перавагу шаблі перад Бібліяй.

      – Дзеля чаго вы хочаце прасіць бласлаўлення ў Божай Маці? – запаліў лампадку ойча Серафім.

      – Каб моцна біць расейцаў. Каб дала сваю падтрымку і дазваленне гнаць іх аж да самай Масквы, – перахрысціўся Янка.

      – Ды каб пакінуць іх у гэтай зямлі, – падтрымаў Базыль.

      – Прабачце, панове, але на гэта вам бласлаўлення ніхто не дасць, – задзьмуў лампадку святар.

      Уланы са здзіўленнем глядзелі на адыходзячага чалавека ў чорнай рызе. Што благога яны сказалі? Янка разгублена кінуў у след:

      – Святы ойча, нібы біць ворага Радзімы – гэта грэх?

      – Біць людзей – грэх… – святар збіраў прылады для еўхарыстыі.

      – Гэта не людзі, гэта д’яблы ў чалавечым

Скачать книгу