ТОП просматриваемых книг сайта:
Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур
Читать онлайн.Название Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)
Год выпуска 2003
isbn 978-83-927771-1-3
Автор произведения Макс Шчур
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Ага, з Англіі! – пахітаў галавой Галавач, крадком пазіраючы на Паскевіча. – Ведаеце Мерляка?
– Безумоўна, – пацьвердзіў Паскевіч, пасьміхнуўшыся.
– Мы зь ім разам у лягеры для перамешчаных асобаў былі…
– I як у яго там справы? – запытаўся гаспадар.
– Няблага. Хутка зьбіраецца сюды прыехаць, дарэчы…
– Выдатна, выдатна… – паляпаў Паскевіча па плячы Галавач. – Тут усё толькі пачынаецца. Аснова ёсьць, але працы шмат. Будзе яму чым заняцца… Ну, добра, яшчэ пагаворым. Выбачайце, мушу…
– Нічога, нічога… – замармытаў Паскевіч.
– А ты зайдзі да мяне, Мялешка, – крануў баксэра за локаць Галавач. – Ня зараз, а потым, як пад'ямо ды танцы пачнуцца…
– Дык і танцы будуць? – узрадаваўся Мялешка. – Ну, гэта проста нечувана!
Галавач яшчэ раз пасьміхнуўся ім і зьнік у натоўпе гасьцей.
– Віншую, браце! – штурхнуў Паскевіча пад бок Мялешка. – Малайчына, не разгубіўся!
– Чаго мне губляцца? – паціснуў плячыма той.
– I Мерляка там нейкага прыплёў! Ну, вялікія ў цябе тут перспэктывы! Я табе кажу – я Галавача ведаю… Ну, хадзем, бо зараз пачнецца.
Разам з астатнімі яны прайшлі ў асьветленую электрычнасьцю залю, дзе іхным поглядам адкрылася зачаравальная пэрспэктыва ўрачыстай і пышнай вячэры. На даўжэзным стале цясьніліся, нібы змагаючыся за ганаровае права быць праглынутымі, лянгусты, кальмары, мідыі й іншая падобная брыдота, якой Паскевіч раней у вочы ня бачыў, нават у Англіі, ня кажучы ўжо пра Нямеччыну. На сьценах віселі нацыянальныя сьцягі, красаваліся блакітныя кветкі. Гаспадар запрасіў усіх сядаць – усчалося невыноснае грукатаньне талерак, прыбораў і шкла. Каля гасьцей, наліваючы шампанскае, пачалі завіхацца пакаёўкі – таксама беларускі зь мясцовых. Амаль усіх іх Мялешка, зразумела, ведаў, таму адразу ж прычапіўся да адной і пачаў да яе заляцацца – тая дазволіла яму нават узяць сябе за руку, але пры гэтым неяк асабліва красамоўна зірнула на Паскевіча. Той сумеўся ад такой нечаканай увагі, але палічыў за добры тон усьміхнуцца ў адказ. Калі яна падыйшла да яго, каб наліць шампанскага, ён ужо амаль наважыўся сказаць ёй які камплімэнт, але ягоную ініцыятыву перапыніла бразгатаньне відэльца па крышталёвым фужэры.
– Дарагія суайчыньнікі й госьці! – зьвярнуўся да прысутных Галавач. – Вітаю вас на ўстаноўчым паседжаньні нашага Зьвязу Патрыётаў. Мы ўсе сышліся тут у цяжкі для нас момант гісторыі, калі нашая Бацькаўшчына стогне пад прыгнётам бальшавіцкай навалы. Краіна спустошаная вайной, але змаганьне працягваецца. Беларуская Цэнтральная Рада не спыніла сваёй дзейнасьці. Ейныя філіі паступова ўзьнікаюць па ўсім сьвеце…
Прамова была доўгай і скончылася заклікам «Вып'ем за незалежную Беларусь!». Пасьля кароткага перапынку на закуску прамовілі госьці: прадстаўнік аргентынскай улады, за ім прадстаўнік Украінскага зьвязу. Выпілі за сяброўства аргентынскага