ТОП просматриваемых книг сайта:
Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур
Читать онлайн.Название Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)
Год выпуска 2003
isbn 978-83-927771-1-3
Автор произведения Макс Шчур
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Сатысфакцыі, – адказаў Рагулін, але бачачы, што Паскевіч не разумее, патлумачыў: – Кажа, што сёньняшняя параза была дамоўленая. Яны, маўляў, усё ведаюць: паляк падманвае… Разумнікі! Вядома, паляк падманвае. На тое ж ён і паляк…
– I што цяпер будзе? – пацікавіўся Паскевіч.
– Біцца будуць, – абыякава адказаў Рагулін, хаваючыся за шклянку з хінэбрай і нават не пазіраючы ў той бок.
Сапраўды, той, хто чапляўся да Мялешкі, раптам выхапіў аднекуль з-пад пахі доўгі сьцізорык.
– Што ён крычыць? – зноў спытаўся Паскевіч.
– Крычыць, каб Эль Грынго даставаў сваю наваху…
– Куды ты мяне паслаў? – узьняў тут Мялешка голас на ўсю карчму, падбадзёрваючы сам сябе па-беларуску, і зухавата падміргнуў Паскевічу з Рагуліным. – На халеру мне твая наваха? Я табе зараз і без навахі пакажу!
Падпіты мужычок зрабіў крок наперад і пачаў махаць нажом перад Мялешкавым тварам. Мясцовыя разявакі адступіліся, утварыўшы пасярэдзіне карчмы кола. Мялешка ўскочыў, крыху прыгнуўся ў тыповай баксэрскай стойцы і прыкрыўся рукамі. Цяпер ягоныя рухі былі лёгкімі – зусім не такімі, як кагадзе падчас бою. Задзіра, як выглядала, таксама быў не пачатковец – двойчы лязо ягонай навахі прасьвісьцела ў Мялешкі над самым вухам. Аднак тут з па-за заслоны цыгарэтнага дыму нечакана выскачыў Мялешкаў кулак, кіруючыся проста ў лоб кампадрыто, і той грымнуўся на падлогу як забіты, выпусьціўшы з рук нож.
– Гатовы, – задаволена адзначыў Мялешка, паціраючы косткі пальцаў.
Пульпэрыя зараўла ад задавальненьня, зноў стаўшы на бок свайго ўлюбёнца:
– Віва Эль Грынго! Брындо пор Эль Грынго!
– Сіла ёсьць – розуму ня трэба, – пракамэнтаваў буркатлівы Рагулін, які, у адрозьненьне ад Паскевіча, бачыў гэтую сцэну ня ў першы раз.
4
На наступны дзень Паскевіча пабудзіў голас Мялешкі:
– Уставай, бадзяга! Лежань, піяка! Час заняцца спортам!
– Якім спортам? – не зразумеў Паскевіч.
– Як якім? Боксам! У нас сёньня трэніроўка – забыўся, ці што? Ану, за мной! Бегма!
– А апрануцца?
– Якое апранацца – на дварэ і так горача! Бегаць трэба ў сподніках! Ану, раз-два!
Спаборнічаць зь Мялешкам у бегу было катаваньнем: мала таго, што ён быў дужы, як вол, дык яшчэ й даўгалыгі. Пасьля ўчорашняга вечару беганіна па вуліцах Бўэнас-Айрэсу, пагатоў у сподніках, была Паскевічу зусім не даспадобы.
– А гэта – Тэатро Калён! – крычаў на ўсё места Мялешка, паказваючы ў бок шыкоўнага будынку. – Пляц Рэспублікі! А гэта – Сан-Ніколяс! Пляса дэ Мажо! Ля Каса Росада!..
Паскевічу было горача. Чужыя назвы мільгалі ў ягонай галаве, як і зьдзіўленыя твары сустрэчных, якіх ён амаль ня бачыў: пот заліваў яму вочы, дыхаць не было чым, але самае галоўнае – ён нечувана саромеўся свайго выгляду.
Нарэшце заўважыўшы, што Паскевіч адстаў мэтраў на дзьвесьце і перайшоў зь бегу на крок, Мялешка зьлітаваўся:
– Для пачатку –