ТОП просматриваемых книг сайта:
Галасы (зборнік). Макс Шчур
Читать онлайн.Название Галасы (зборнік)
Год выпуска 2017
isbn 978-985-7165-45-2
Автор произведения Макс Шчур
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Прачнуўшыся, я адразу ўключаю радыё альбо тэлевізар – звычайна, тое й другое адначасова. Так, у мяне ёсць тэлевізар! А вы што думалі? Без яго я ўжо даўно б звар’яцеў, як і ўсе прыстойныя людзі ў маім становішчы. Тэлевізар дапамагае мне вытрымліваць штодзённую аблогу навакольнага свету. Часцей за ўсё я гляджу тэлевізар без гуку й адначасова слухаю радыё. Гэты кантраст здольны забаўляць мяне прынамсі нейкі час, пакуль радыё не зробіцца немагчыма слухаць, гэтаксама як тэлевізар – глядзець. Але што я буду рабіць без іх, калі іх канфіскуюць, – не ўяўляю. Гэта ж не лядоўня і не пральная машына. Уласна, тэлевізар быў першым, што з’явілася ў гэтай хаце. Кніг тады яшчэ амаль не было, посуду і мэблі таксама. Першыя месяцы я спаў на падлозе нават не на матрацы, а на вопратцы (гэта, відаць, чакае мяне неўзабаве), у спальніку. Я мог бы так жыць бясконца доўга, калі б не жончына патрэба захоўваць хоць якія повязі з вонкавым светам. Калі шчыра, мне самому нават думкі не прыходзіла, што я магу дазволіць сабе такую раскошу, як тэлевізар. Тое самае тычыцца іншых раскошаў, звязаных з марнаваннем часу на адпачынак: відэа, аўдыёцэнтру, тэнісных ракетак ці там ровара. Усе гэтыя прыстасаванні заўжды здаваліся мне нейкім табу, гэтаксама як карыстанне імі – чымсьці па сутнасці амаральным. Цяпер, пасля таго як бальшыня непатрэбных мне рэчаў, за выняткам тэлевізара, знікла, я зразумеў, якую важную ролю ён граў у маім тутэйшым жыцці з самых першых дзён, дапамагаючы забыцца на ўсе сапраўдныя праблемы. Я ўсвядоміў, што вось ужо нейкі час мой тэлевізар жыве за мяне, калі я сплю, вартуе мой сон замест сабакі, а цяпер, у адсутнасць жонкі, яшчэ й прамаўляе да мяне, дапамагаючы мне заснуць; акрамя таго, калі-некалі па ім нават круцяць мае ўлюбёныя фільмы.
Пры ўсёй маёй нянавісці да сваёй кватэры (аднапакаёвай, у адрозненне ад суседскіх), яна належыць да непрацяглага спісу месцаў, дзе я адчуваю сябе адносна ўпэўнена. На жаль, астатнія такія месцы знаходзяцца ў горадзе – але дзеля таго, каб дабрацца туды, трэба пакінуць вёску, што амаль гэтак жа цяжка, як у ёй заставацца. На вёску, як і на прыроду ўвогуле, асабліва ўлетку, у мяне алергія – у літаральным, медычным сэнсе гэтага слова, тым часам як на яе насельнікаў – у пераносным. Першая суправаджаецца хранічным катарам і астмай, другая – прыступамі прыхаванай раз’юшанасці й нікому не чутнай лаянкі. Шкада, што ў мяне няма сіндрому Турэта, як у аднаго мясцовага вар’ята, – тады вяскоўцам было б лягчэй мірыцца з маім невылечным дзівацтвам.
О, з якім задавальненнем я жыў бы ў месце! Як важна мець штодня перад вачыма менавіта тое, што хочаш бачыць! Аднак мне й за гэтую кватэру хутка не будзе чым плаціць, ды што там, не будзе нават за што купіць сабе квіток на цягнік. Пры гэтым я не п’ю, не ем, нават не палю. Я жыву дзякуючы двум рэчывам, якія цудоўна рыфмуюцца між сабою, – кафеіну й кадэіну, дакладней – кадыналу. Кадынал – вельмі дарагі лек. Усе патрэбныя мне лекі збольшага дарагія: ад алергіі, ад дэпрэсіі, ад бяссонніцы. Не ведаю,