Скачать книгу
– яны б пазіралі на яго цяпер зусім іначай! А так адразу відаць, што яны бачаць у ім нахлебніка, гэткага сярэднявечнага манаха, якога мусяць карміць з уласнай і без таго дзіравай кішэні. Так-так, яны з задавальненнем адправілі б яго ў Курапаты, як і ўсіх ягоных духоўных папярэднікаў, ці яшчэ горай – настаўнічаць у родную вёску паводле размеркавання… Аднак думка пра ўласнае пакутніцтва, што звычайна надавала Васільевічу значнасці ўва ўласных вачох, сёння яго чамусьці не цешыла. Яго і раней пераследавалі думкі пра эміграцыю, але менавіта цяпер, атрымаўшы штуршок у спіну ад п’янага рабацягі, ён адчуў яе нутраную неабходнасць з небывалаю вастрынёй. Адначасова ён усвядоміў, што прамарнаваў адзіны шанец папрасіць палітычнага прытулку акурат два тыдні таму, пасля таго як ягоны выступ на замежнае канферэнцыі быў сустрэты бурнай авацыяй. У той дзень яму якраз споўнілася сорак гадоў. Пераехаўшы мяжу, Васільевіч адразу ж адчуў сябе пад псіхалагічным ціскам не столькі крывавага рэжыму, колькі свайго ўзросту. Ён усвядоміў, што мары, дзеля якіх ён жыў так доўга, не здзейсніліся: нават на новы пінжак ён за гады не здолеў назбіраць грошай, не тое што на ўласную кватэру… Каўбаса ў цвёрдай руцэ перамагла, творчасці ягонай ніхто не разумее, як і не разумее значнасці ягонай рэдакцыйнай дзейнасці, не кажучы пра навуковую… Ну які клопат гэтым бездухоўным людзям да аглушэння шыпячых? Ці да філасофскіх катэгорый быцця й часу ў творчасці Васіля Віткі? І што рабіць? – мучыў ён сябе пытаннем. Як жыць далей? І ці варта жыць наогул? Ён заплюшчыў вочы і выразна ўявіў сабе, як цвёрдым купалаўскім крокам уздымаецца па лесвіцы ў кабінет дырэктара выдавецтва й не меней цвёрдым голасам пад пагрозай звальнення патрабуе ад яго выдачы рэвальвера… Атрымлівае рэвальвер, едзе, не, лепш ідзе пехатою ў Курапаты, сядае на лаву Клінтана, выпівае кілішак гарэлкі, заядае яго апошнім у жыцці маласольным гурком, і…
Калі Васільевіч прачнуўся, у тралейбусе ўжо нікога не было. На прыпынку азвярэлыя амапаўцы дубасілі безбілетнага пасажыра. Васільевіч тут жа ачомаўся й прыгадаў, што і ён забыўся заплаціць за праезд. Пераадолеўшы жаданне схавацца пад сядзенне, ён горда рушыў здавацца акупантам – у патаемным спадзеве ўпершыню ў жыцці трапіць за свае перакананні на суткі.