Скачать книгу

і дзецях сябра. А ў сваіх анкетах пісаў: «Мірановіч Яўген Фёдаравіч, беларус, выхадзень з беднай яўрэйскай сям’і. Бацька Фінкельштэйн – яўрэй. Брат Фінкельштэйн – яўрэй…»

      P. S. Анатоль Аграноўскі застаўся на семінар, нават нешта распавядаў пра вопыт Вугоршчыны… Зазнаўшы, што Мірановіч памёр, адразу з’ехаў. А праз нейкі час у «Известиях» з’явіўся нарыс «Логика Мироновича».

      Апошняя кропка

      Уладзімір Мацкевіч, самаабвешчаны лідар інтэлектуальнага, так бы мовіць, супраціву рэжыму, вызначыў, нарэшце, сваю пазіцыю па найвастрэйшаму, падобнаму да гамлетаўскага, пытанню беларускай сучаснасці: жыд ці не жыд? І зрабіў гэта ў найбольш натуральнай для філосафа форме дыскусіі, абраўшы ў якасці апанента нейкага Гену Варковіча. «Ты, Гена, – супакоіў Мацкевіч свайго нібыта суразмоўцу, – яшчэ тая морда, але нічога жыдоўскага ў цябе няма! Звычайны беларус яўрэйскай нацыянальнасці»…

      Супакоены адсутнасцю ў сабе «жыдоўскай морды», выцягнуты на «Бел. партызан» Гена тым не менш не супакоіўся: цягам ўсёй дыскусіі настойліва, нібыта ад імя ўсёй яўрэйскай супольнасці, даказвае абразлівасць для яўрэяў ужывання ў беларускай мове слова «жыд». Адваротная думка Мацкевіча проста ўражвае сваёй інтэрнацыянальнай глыбінёй і празрыстасцю: няма чаго рускамоўнаму Гену з усёй ягонай супольнасцю ўсталёўваць у беларускай мове свае нормы. З чаго вынікае, што «жыд» па-беларуску – гэта жыд, а па-руску – «жидовская морда»…

      Я не лінгвіст, каб спрачацца з Мацкевічам, і не Гена, якога Мацкевіч як нарадзіў, так і забіў «логікай, перад якой ні жыда, ні бульбаша… усе роўныя…» Далёка мне да Мацкевіча і з ягонымі ведамі гістарычных абставінаў, праз якія ўзнікла ці добраўжыванае, ці злоўжыванае цягам стагоддзяў слова з трох літараў. Але мне вельмі блізка да Косціка, нават праз 60 з гакам гадоў…

      Косцік, сябра майго дзяцінства, быў першым на маёй памяці, хто не стаў высвятляць этымалогію слова «жыд», а наўпрост даў Нехая ў морду, абцукраваную з густа пасыпанага цукрам бутэрброда.

      Няхай быў старэйшы і дужэйшы за Косціка. Заўжды чырвоным, пляскатым, нібыта блін, тварам, ён быў падобны да свайго бацькі, які служыў нейкім эмгэбэшным начальнікам і адзіны ва ўсім двары раскатваў на трафейным БМВ. Вядома, нас душыла зайздрасць, мы душылі яе і трымаліся ад Нехая як мага далей, бо менавіта ад яго сыходзіла спакуса зазнаць нешта недасягальнае ў параўнанні з іржавымі абручамі, што паганяліся загнутым у крук дротам. Аднойчы не вытрымалі, наблізіліся да аўто. Няхай стаяў, абапёршыся на бліскучае крыло, і дажоўваў бутэрброд. «А мой бацька быў на вайне адміралам», – з выклікам сказаў Косцік. «Хлусіш, – прашамкаў Няхай, – жыды адміраламі не бываюць…»

      Праз імгненне рэшткі бутэрброда ляцелі з Няхаева роту…

      Паўстагоддзя лягло паміж Косцікам і Карасікам – на жаль, забыўся імя. Хаця тапаграфічна стаяць яны зусім побач: як і мы з Косцікам, Карасік жыў у адным з чатырох дамоў на Маскоўскай вуліцы, што перажылі акупацыю і вайну. Было, праўда, і адрозненне: наш дом перажыў акупацыю і вайну

Скачать книгу