ТОП просматриваемых книг сайта:
Трэцяе пакаленне. Кузьма Чорны
Читать онлайн.Название Трэцяе пакаленне
Год выпуска 1935
isbn 978-985-02-1090-6
Автор произведения Кузьма Чорны
Жанр Литература 20 века
Издательство Электронная книгарня
– Газ ядавіты пускалі.
– Ды не толькі гэта! У яго кулі ці волава нейкага, як ранены быў, кавалак у целе астаўся. У яго ж абы надвор’е вільготнае, то ўсё цела ные і пячэ яму, небараку, што аж месца не знойдзе сабе.
– Каб было больш зямлі, то хоць на палавіну людзям аддаў бы. A то, што там аддасі! Нават каровы няма на чым пратрымаць. Каторы год ужо на каня якога-небудзь здохлага не можа ўзбіцца. Да вайны, пакуль быў здаровы, то хоць крыху, але лепш жыў.
– To, можа, гэта хлапчук яго скораму запасвіў у Скуратовіча. Ён жа праз каторы ўжо час за пастушка ў Скуратовіча.
– Гэта Міхалка? Можа, ён там крыху і запасвіў, але ж яны ўслед забіралі. Нават наперад часта ў Скуратовіча выпрошвалі, то тады не толькі Міхалка адпасваў, але і сям’я хадзіла адрабляць. Малыя дзяўчаткі і тыя, небаракі, хадзілі грады палоць. Можа, хіба Тварыцкі грошы дзе знайшоў ці спадчыну якую мае. Нажаў жа ён дзве капы жыта, от і ўвесь яго хлеб. I нешта не чуваць было, каб малаціў, а ўчора ў млыне пудоў на чатыры мяшок жыта малоў.
Так гаварылі пра сям’ю Тварыцкіх. Думалі і ні да чаго не маглі дадумацца. Набеглі новыя інтарэсы і новыя гаворкі. I сярод усяго драбнейшага яшчэ ўсё гаварылі пра тыя страшныя падзеі, што так нечакана ўстрасянулі не толькі гэты куток, а ўсю акругу. Скуратовічыху пры жыцці мала хто далюбліваў, а цяпер некаторыя як бы нават са спачуваннем гаварылі:
– He дзіва, што не вытрымала яе сэрца, – такое няшчасце раптам у адзін момант. Паўнюткае гумно згарэла, хлеб згарэў, вазы пагарэлі. А яна яшчэ па сыне ныла, што на вайне недзе.
Каля таго самага часу, раз увечары, Скуратовічаў пастушок Міхалка Тварыцкі слаўся ў кухні спаць. Ён ужо скінуў свой халацік, каб класціся (вячэраў ён у халаціку), як у кухню ўвайшоў ляснік Сцепуржынскі. (Лясны абход яго быў над двума бліжэйшымі лясамі, і жыў ён вёрст за дзве ад Скуратовіча. Яго забудова была ў лесе на паляне.) Міхалка яго добра ведаў. Дзён пяць да гэтага ён нават адабраў у Міхалкі раменную папружку за тое, што той падпусціў каровы пад самы яго, яшчэ не звезены, авёс на ўскраі лесу.
– Добры вечар у хату! – сказаў Сцепуржынскі, не могучы адразу нічога разгледзець у цёмнай кухні.
– Добры вечар, – адказаў Міхалка.
– А дзе сам гаспадар?
– Недзе на двары. Я зараз паклічу.
– He трэба, я і сам яго знайду.
I Сцепуржынскі выйшаў.
«От гад, – думаў Міхалка, – назнарок не хоча маіх паслуг, каб не аддаць папружкі. Пачакай жа, калі не аддасць, то я выграбу ў яго ад дарогі цэлы канец бульбы. Схаваю ў лесе і пячы буду сабе на полі пакрысе. Ён тады мяне папомніць».
Неўзабаве Міхалка пачуў, як Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі.
«Пачакай жа, – раздумваў Міхалка, – пайду папрашу, каб аддаў папружку. Можа, і аддасць пры гаспадару. А калі ад дасць папружку, то як жа тады будзе з бульбай?.. А, чорт яго бяры з яго бульбай, я і так у яго навыграбаю. Няхай бы не забіраў папружкі!»
Міхалка падумаў і ўжо ўголас абгрунтаваў свой намеркаваны ўчынак: