Скачать книгу

Цяпер ужо Міхалку не відно было, што робіцца ў бакоўцы. Але ён пачуў, што скрыпнуў ложак: Скуратовіч, значыцца, зноў кінуўся на пасцель, не раздзеючыся, бо за гэтакі момант ён не мог раздзецца. Ды і не чуваць было, каб ён скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца.

      Падазронасць мучыла Міхалку. Ён думаў: «Цяпер-то Скуратовіч са мной добры, а як раней быў? Каб пайшоў сказаў, што палавіну ўсяго з поля ён звёз да Сцепуржынскага, от бы патрапятаўся б ён у мяне! От бы я яму падстроіў шыўку!»

      I ён пачаў усміхацца і гаварыць сам сабе пра Скуратовіча:

      – Тады папаскакаў бы. Папаенчыў бы. От бы папагнуўся б!

      Памаўчаў, чмыхнуў носам, стрымліваючы смех, і зноў:

      – От папабожкаў бы тады!

      – Што ты кажаш? – абазваўся з бакоўкі Скуратовіч.

      Міхалка спалохаўся і прыліп да пасцелі. Скуратовіч счакаў крыху, пасля мармытнуў:

      – Праз сон гаворыць, ці якое яму ліха.

      «Няхай лепш табе ліха, думаў Міхалка, от як узлуюся, то не паможа тады ні сала тваё, ні жыта».

      Ён ляжаў і не мог заснуць. Прайшла, можа, гадзіна, калі не больш. Міхалку ўжо браў сон. Раптам зноў пачуў, што скрыпнуў ложак і пасля як бы прыглушаныя крокі. Скуратовіч пайшоў у большы пакой, стараючыся ступаць ціха. Але як ён ні стараўся, усё адно Міхалку чуваць было. Міхалка чуў, што Скуратовіч выйшаў у чыстыя сенцы, адсунуў засаўку ў дзвярах. Выразна чуў, як пасля Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы і як цяжка спусціўся з ганка. Пасля ён ціхім голасам паклікаў сабаку. Міхалка стаяў ужо ў цёмным вялікім пакоі і пазіраў з-за шалёўкі ў акно. Відзён быў Скуратовіч: сілуэт яго вырысоўваўся даволі ясна. Міхалка калаціўся ад хвалявання і страху. Ён бачыў, як Скуратовіч ужо варушыўся побач свірна – значыцца, ён быў ужо каля брамы. За брамай ішла дарожка проста ў лес. Там было ўсё чорна; Скуратовічаў сілуэт там і прапаў неўзабаве. Міхалка стаяў, можа, з паўгадзіны на адным месцы. Неспакой і страх трымалі яго тут. Чаго ён баяўся – ён і сам не мог бы сказаць. Дзесьці зашкрэбала мыш. Міхалка адумаўся. Ён пайшоў назад у кухню. Спаць ён не мог і, пастаяўшы ў куце, ціхом, каб не пабудзіць работніцы, пайшоў з хаты. У сенцах праз сон абзываліся гусі, і Міхалку стала смялей. «Ты, можа, яшчэ дзе жыта хаваеш», – думаў ён пра Скуратовіча, ідучы паўз плот да брамы. Цяпер пачыналася ў яго злосць на гаспадара. «Ты раней са мной нават не гаварыў па-людску, а цяпер дагаджаеш мне, каб я маўчаў! I гэтак зрабіўшы мяне сваім хаўруснікам, усё ж такі хаваешся ад мяне! Пачакай жа, калі так!» – так льга было б сфармуляваць Міхалкавы настроі гэтай хвіліны. Ён быў ужо каля брамы і далей не пайшоў – астаўся стаяць, высунуўшы твар паміж дзвюх рассунутых частаколін. Свяцілі зоры, і лес наперадзе зусім знікаў у чарнаце. Перад вачыма туманілася каляіністая дарога. Міхалка не варушыўся, яму стала холадна, ён прайшоў разоў са два паўз плот. Пасля зноў заняў ранейшае месца і яшчэ стаяў. А пасля пачаў заўважаць, што як бы хтосьці ідзе ад лесу, на дарожцы як бы варушыўся чалавечы сілуэт. Праз хвіліну яму ўжо было добра відаць, што ідуць двое людзей. У Міхалкі зуб на зуб не цаляў, яму здавалася, што шапка на яго галаве

Скачать книгу