Скачать книгу

была прадвызначаная: налёт трох феніксаў, якія нікога не чапалі, а толькі на ўсю моц дралі горла, прывяла туркаў у святарнае трымценне, паніку, з якой і скарысталі нашы войскі. З кім каралеўскія ўлады заключылі «ряд», з рэшты дакумента зразумець цяжка. Але факт вымушанасці польскамоўнае вярхушкі Рэчы Паспалітае ствараць па-беларуску афіцыйны дакумент той парою, калі палітычныя эліты амаль цалкам з беларушчынай разбраталіся, вельмі важны. За феніксамі стаяла нейкая таямнічая палітычная (?) сіла. Што за яна? На жаль, у паперы, папсаванай мышамі і стрыжамі, дзірка між літарамі «к» ды «ы».[24] Купцы? Курвы? Крэвы? Пытанне застаецца адкрытым.

      Феніксы не сталіся з’явішчам штодзённым. Іх вобраз захоўваў арэол загадкавасці і казачнасці, як для многіх абываталяў ВКЛ, так пагатоў для жыхароў суседняй Масковіі. Дзіва-птахам уражвалі сваіх сяброў і расчульвалі сэрцы каханых жанчын. Запісы 1695 г. гавораць, што нейкі «пан Михал Богадановский оповедал и до актовых книг головных трибунальских справ вечистых уписати дал светченье, же пан Францишек на Ополю Копаць – каштелянич брестянский – през ботяна-фенекса панов Миколя Кгедройтя, Криштофа Малхеровича а Бальцера Кукшу злякал до хоробливости вомитной. А имали пред тым банкет, игде тылко водку злую за колнер проливали. А Копаць оный пил мизерне, бо юж a priori постанову собе учынил: фортель який-колвек пред другове свои выкинути. Гды тыя три паны добре пьяныя уробилися а хотели кони седлати и ехати до шуканья пригод на подспинье свое, пан Копаць мовил хитре: «Рыцареве, паны-братья мои, ходемте валей цмока звальчим». Панове смехом ся пробрали, але рушили веспол в показуемое Копцем мейсце».[25] Захмялелая брація сцяміла, хто сядзіць на ўзгорку, і стала «похвалки чынити», цвелячы фенікса выклікамі на бой: «Пане цмоче, растули очи. Имаем мечы готовы ку сечы». Птах тым часам драмаў і «в ленитве своей велькой» пракрумкаў: «А лоха в дар?» Гэтае пытанне з «цмачынае» зяпы зрынула шляхцюкоў да ўцёкаў. І беглі яны так хутка, што апынуліся неўзабаве ў страшэнным для здароўя стане, калі «похмелье еще не зачалося, а глова юж болестна ест». Як вынікае, праўдзівы сэнс бацяновай фразы быў інакшым, чым многім здавалася. Птах цікавіўся, ці атрымае ён у дарунак за сваю працу цмокаімітатарам лоха. Лохамі ў тыя і крыху пазнейшыя часы называлі конскіх самцоў (прыраўн. суч. дыял.: «лошадзь», «лашак», «лашонак»).

      У верасні 1715 г. шляхціц з Ашмяншчыны Ян Ранок, кінуўшы жонку і дачку-падлетка, адправіўся ў вёску Сухадолы сватацца да маладзенькай Талімэны Андрыеўскай. Бацька ейны супраць не быў, мыслячы, што «стары конь маладое баразны не сапсуе, а фанабэрыю бабскую, якая з дачкі без ладу прэ, утаймуе». Фанабэрыя, паводле сведчання т. зв. «Леапардавага раптуляра» Ранка (1714–1718), сапраўды з Талімэны фантанавала. Што ў бацьку, што ў бок ягоных пахолкаў, што ў неспадзяванага жаніха ляцелі не толькі кепікі ды кпіны, але і глякі ды збаны. «Я чакаю князя», – цвердзіла ўпартая паненка. Вырашыўшы даць Яну гарбуза, яна шмыгнула са сваіх пакояў да гародчыка. Талімэна меркавала неўпрыкмет для ўсіх падрыхтаваць ганебны падарунак.

Скачать книгу


<p>24</p>

Акты Литовской метрики, собранные И. Я. Погранзоновичем. Варшава, 1887. Т. 2. Вып. 1. С. 431.

<p>25</p>

Присовокупление к части первой Архива Юго-Западной России. Киев, 1860. С. 315–318.