Скачать книгу

ад журботнага піянісіма да магутнага фортэ, а ў ансамблевых спевах – і да крэшчэнда». Выказаў уласнае перакананне, што для беларусаў песні пра адзіноту з’яўляліся адначасова і лекамі ад яе. Без папярэджання праспяваў урывак з народнай балады:

      Усе коні вараныя –

      Адзін конік белагрывы.

      Павёз дзевачку і к мору,

      Павёз красную не ў пору.

      Я цяпер іду адзін

      На вазерушка Ліцвін.

      І пакуль публіка не паспела асэнсаваць раптоўнае відовішча, Ягор паўшэптам – так, як ён звычайна шаптаў што-небудзь ласкавае Марыне – прадэкламаваў пераклад урыўка на англійскую, пасля чаго з усмешкай падзякаваў усім за ўвагу. Зала грымнула воплескамі – мабыць, найгучнейшымі за ўвесь час ад пачатку канферэнцыі. Нават Марку ледзьве не запляскаў, але ўчасна ўстрымаўся, злавіўшы няўхвальны позірк жонкі. Яна не жадала ствараць нават імітацыі апладысментаў. Мадэратар абвясціў перапынак.

      Намагаючыся не выдаваць сябе, Марына паглядала на свайго колішняга каханка. Сутыкнуцца з ім у кулуарах было для яе дужа сумнеўным шчасцем. Марку таксама гэта разумеў. Ён вымеркаваў зручны момант і вывеў жоначку з залы, каб верагоднасць сустрэчы з праклятым госцем Канстанцы звесці да мінімуму. Атрымалася. Яны выйшлі ў двор і моўчкі пакрочылі па ўніверсітэцкім скверыку да бюста ўсюдыіснага Авідыя.

      – Ты насамрэч хацеў яму папляскаць? – парушыла цішыню яна.

      – А што тут такога? – адразу не патрапіў адказаць ён.

      – Сапраўды, – прагучала праз ухмылку.

      – Не, ён, вядома, казёл. Але мушу прызнаць, што даклад цікавы, – запахла апраўданкамі.

      – Ведаю я, як ён такія тэрміновыя даклады піша, – выпраменьвала скептыцызм Марына. – Тры-чатыры кніжкі. Вялікая бутэлька «Jack Daniel’s». Дзве гадзіны дыяганальнага чытання з алоўкам пад выпіўку. А потым яшчэ столькі ж – напісанне тэксту.

      Пыркэлаб хацеў сказаць, што раней і сам гэтак пісаў некаторыя работы, дзе не патрабавалася дакладных вылічэнняў, але сціснуў сківіцы, каб не прабалбатацца.

      – І які ж ён усё-ткі паскуднік! – знянацку выдала Марына без надрыву і горычы, але з прыкметнай шчопаццю сарказму ў голасе. – Усе гэтыя яго інтанацыі, шэпты, усмешкі адно дзеля таго, каб здабыць прыхільнасць аўдыторыі.

      – Паскуднік, але манера трымацца і прыёмчыкі для выступу мяне станоўча ўразілі.

      – Ты ў адвакаты яму наняўся?

      – Я ж не інквізітар, каб усюды бачыць заганы. Дый з песняю добра прыдумана. Згадзіся.

      – Да твайго ведама, пане Не-Інквізітар, песню ён праспяваў зусім невыпадковую. Разлічваў ударыць па мне. Значыць, ведаў, што я буду на адкрыцці. Разумееш? Ён робіць усё, каб нагадаць мне пра тое, што я з ім зрабіла.

      – Нічога ты з ім не зрабіла. Такіх выпадкаў, як ваш, сотні тысяч, калі не мільёны. Па кароткім каханні доўгія ўздыханні. Спачатку людзі кахаюць ці думаюць, што кахаюць. Потым нехта з закаханай пары прыходзіць да цяму, што гэта ўсё самападман,

Скачать книгу