Скачать книгу

так возьме, кіне навучанне і паедзе? – не паверыў ён.

      – У яе ж выбітныя дасягненні. Ёсць публікацыі ў замежных навуковых часопісах, удзел у прэстыжных канферэнцыях маладых навукоўцаў, праца па абмене, зноў жа, – казаў абазнаны ў тэме чалавек і загінаў пальцы. – Яна разлічвае, што там яе без праблем возьмуць ва ўніверсітэт і…

      – …добра пакатаюць на матацыкле, – з сумнай посмешкай перахапіў фразу Ягор.

      Да новага года Гваздовіч сапраўды з’ехала ў Канстанцу. Руткоўскі паглыбіўся ў працу. Пачаў пісаць кнігу пра знойдзенага ў Юравічах ідала. Пра каханую не забываў. У думках часта звяртаўся да яе. Намагаўся ўявіць яе побыт, яе скарэктаваныя новым асяроддзем звычкі. Спрабаваў здагадацца, ці паспела яна ўжо выйсці замуж. Шпацыраваў са сваёй моташнасцю між цэрквамі святога Іншага і святога Ніколі. Піў толькі па пятніцах. Цалаваўся толькі на святы. Кахаў толькі Марыну.

      – Дружа, кінь заганяцца, – казаў яму сябар з універсітэта транспарту. – Як бачыш, песнямі яе не проймеш. Будзь ты хоць сам Гамер – выгнаным будзеш, Гамер! Таму пераключайся на святло іншых маякоў. І будзе табе шчасце…

      – Штука ў тым, што я не хачу пераключацца, – сумленна прызнаваўся Ягор.

      – А чаго ты хочаш?

      – Хачу, каб той румын разам з матацыклам грымнуўся ў мора.

      – Кепскае жаданне.

      – Звычайнае.

      – Звычайнае, але кепскае. Лепш абстрагавацца ад таго, што ў іх там адбываецца. Яны сабе. Ты сабе. Інакш ты толькі шчодра частуеш сваіх дэманаў.

      – Паразіта.

      – Што?

      – Забудзь. Скажы лепш, што б ты рабіў на маім месцы?

      – Сядзеў бы на ганку.

      – На ганку?

      – Так. І калі-небудзь убачыў бы, як паўз мяне пранясуць труп майго ворага.

      – Я так не магу. Я не такі Канфуцый, як ты… Жаданае не зваліцца з неба…

      І ўсё ж на ганку Ягору сядзець давялося. Літаральна. Без аніякага папулярнага канфуцыянства. Марына пасля ад’езду за мяжу тройчы наведвала Гомель. Сядзець каля знаёмага дома – дома, дзе засталіся яе бацькі, якім яна строга наказала не размаўляць са сваім колішнім. Сядзець, каб хоць на колькі імгненняў пабачыць каханую, якая, праходзячы міма, напята рабіла выгляд, што яго няма. Прыкра. Балюча. Смешна. Тройчы яна прыязджала ў горад, пакінуты дзеля няўцямных выгод. І за ўсе гэтыя візіты Руткоўскі бачыў яе ўсяго хвілін пяць, калі старанна пераплюсаваць кожнае імгненне, кожную нанасекунду. Больш за ўсё пашчасціла падчас яе трэцяга прыезду. Тады, ачмурэлы ад пяшчотнага травеньскага цяпла, ён дазволіў сабе не змаўчаць, а кінуць ёй наўздагон адну просьбу. Дзіўную просьбу-пажаданне:

      – Ты толькі не прывозь яго ў Гомель.

      – А то што?! – абурана выгукнула Гваздовіч, пазіраючы на яго, як на гарадскога дурня.

      – А то «го-го-го!» – і матацыклет на мель сядзе, – з усмешкай нараспеў прагаварыў мужчына, якога яна менш як два гады таму кахала.

      – Ты пагражаеш?! – яшчэ больш раззлавалася

Скачать книгу