Скачать книгу

як смачна пахне! Сапраўды духмяна. Ты неяк па-новаму прыгатаваў? – вярнуўшыся, захоплена пыталася жанчына.

      – Трошкі па-новаму, – захоўваючы інтрыгу, гарэзіў Ягор.

      – І як?

      – Прыгатаваў з яшчэ большай закаханасцю, – красаваў усмешкай кухмістр-задавака.

      – Во ўжо дзе зусранец! Людзечкі добрыя, ратуйце! – тэатральна забожкала Марына і, падышоўшы ўсутыч, абняла каханага і пацалавала ў вусны. Ён любіў яе пацалункі і тое, як дзіўна яна па-беларуску вымаўляла слова «засранец».

      За сняданкам гаспадыня агучыла напалеонаўскія планы на дзень: працаваць у «цяпліцах» – аранжарэйных адсеках, каб нарэшце скончыць падрыхтоўку да запуску на базе «Біясферы-М». Гэта дазволіла б з цягам часу яшчэ больш зменшыць залежнасць ад складскіх прыпасаў. Руткоўскі не пярэчыў, хаця і ведаў, што адзін дзень нават самай плённай працы пакуль нічога не зменіць.

      Тым часам на «дальняках» аднавіўся грукат.

      – Мяркую, мне ўсё ж варта выйсці вонкі і праверыць, адкуль ён бярэцца, – дужаючы сумневы, выдаў бліскучую ідэйку Ягор.

      – Не трэба туды ісці, – злёгку нервова адрэагавала Марына. – Ты ж у курсе, якая там бачнасць. Руку перад сабой выцягнеш – і кончыкаў пальцаў не відно.

      – Канешне, не відно. Пальцы ж у пальчатках скафандра, – нягеглай скамарошынкай Руткоўскі парываўся залагодзіць узніклую напружанасць.

      – Мне не смешна, – зацялася каханая.

      – Ды ўсё будзе добра, Гваздулька! Я цеплавізар вазьму.

      – З такім самым поспехам яго можна ўзяць і на «дальнякі», каб без рызыкі праверыць базу знутры.

      – Але ж дзеля гэтага давядзецца адключыць адзін, а то і два шлейфы абароны. А рабіць такое непажадана. Сама ж ведаеш…

      – Так, я не падумала… Але адпускаць цябе за сцены «прыстанішча» не збіраюся. Гэта вельмі небяспечна. Мне не хочацца, каб ты адважнічаў невядома дзеля чаго.

      – А раптам гэта марсіяне ўскрываюць нашу базу, як бляшанку з кансервамі? – не змаўчаў Ягор, нібы наўмысна пацвельваў.

      – Ды перастань! – спалохана выкрыкнула яна, але праз міг сцішылася. – Няма тут, на Марсе, нікога жывога, акрамя нас з табой і Варгіна.

      – А што ж тады там грукае?

      – Мо кавалак абшыўкі ад разбітага «насавіка» бурай прыгнала. Кавалак мог зачапіцца за камяні ці захраснуць у пясчаных наносах, а варушыцца пад павевамі ветру. Калі павевы моцныя, парывістыя, тады ён стукаецца аб сцяну ці дах «дальнякоў».

      – Вельмі рацыянальная версія, але ўзмацненні ветру не супадаюць з пачаткам кожнай новай серыі грукату. Дый цяжка верыцца, каб сюды даляцела абшыўка з месца крушэння насавой часткі «Навухаданосара». Адлегласць хоць узглядна і невялікая, але з такім рэльефам складана паверыць…

      – Калі бура з полюса прыйшла, то чаму б і не? Пагатоў, нават каля нас вецер часам быў пад саракоўку за гадзіну. А там магла і ўся сотка быць. Што да залежнасці грукату ад узмацнення ветру, то ты ж дакладна нічога не правяраў – не засякаў час, не фіксаваў хуткасць

Скачать книгу