Скачать книгу

на кухні нейкі шум. Як быццам нехта імкнецца пранікнуць туды праз вакно. Альбо грукае ў шыбу, просячы дазволу ўвайсці.

      Толік адрываецца ад працы ды ўслухоўваецца. Сэрца пачынае біцца трохі часцей у прадчуванні падзеі. Але, вядома ж, яно не спраўджваецца: нічога не адбылося. Проста грымнула прыадчыненая фортка.

      На кухні неспадзеўкі сцямнела. Марыя пстрыкае запальнічкай. Полымя на імгненне асляпляе яе, угрызаючыся ў сятчатку вока.

      Потым эфект знікае. Марыя пстрыкае запальнічкай у другі раз. Цяпер светлавы шок ужо не такі моцны – сятчатка паспела трохі адаптавацца.

      Марыя думае пра Іншага, з’яўленне якога здатнае зрабіць няважнымі брудны посуд у мыйніцы, парыжэлы лінолеум на кухні і шызае святло, што сочыцца цераз проймы паміж планкамі жалюзі.

      Іншы паўстае ў яе ўяўленні не як канкрэтны вобраз, але як нейкае прадчуванне, эмацыйная хваля. Як, напрыклад, дом. У Марыі ўжо даўно няма дома, і таму ён таксама з’яўляецца для яе недатыкальнай эмацыйнай хваляй. Адзінота стала ейным выбарам і адначасова выпрабаваннем. Але Марыі хочацца выкарыстоўваць яе як інструмент – своеасаблівы разец скульптара, здатны надаць эмацыйнай хвалі выразныя абрысы. Спакваля адсякаць лішняе, каб з бясформеннай масы сталі вымалёўвацца ручкі, ножкі, галоўка. Каб урэшце гэтая маса набыла аблічча чалавека – іншага чалавека, які будзе заўсёды побач. Але яна ўжо ведае, што адзінота – гэта дрэнны сродак для пераўтварэння сусвету. Такі інструмент абсалютна нефункцыянальны.

      Марыя ненадоўга замірае, услухоўваючыся ў мернае пагрукванне накрыўкі рондаля на пліце, што раз-пораз уздрыгвае ад пары.

      Адзінота здатная адно зрабіць гэты свет яшчэ больш аморфным – нават тыя яго праявы, якія маюць пэўныя абрысы і могуць быць памацаныя рукамі.

      Схамянуўшыся, Марыя ўстае, разгублена топчацца на месцы. Затым ідзе ў пакой. Звычайна шлях туды яна пераадольвае за восем крокаў, але гэтым разам атрымалася адзінаццаць.

      Па тэлевізары паказваюць канцэрт нейкага гурта. Марыя, як заўсёды, адключыла гук, і таму імпульсіўныя артыстычныя жэсты выглядаюць яшчэ больш смешна. Гітарыст рухаецца па сцэне з такім сур’ёзным выглядам, быццам кожны крок набліжае яго да жыццёвай мэты. Вакаліст выцягнуў уперад правую руку са скурчанымі пальцамі – нібы тапелец, які ў адчаі кліча на дапамогу. “Што яны ўсім гэтым хочуць сказаць?” – недаўмявае Марыя.

      Зрэшты, такім самым адчужаным цяпер падаецца ёй усё, што яна здатная бачыць, прымройваць, успамінаць. Прычынна-выніковыя повязі некуды зніклі, пакінуўшы розныя з’явы нягегла церціся адна аб адну ў бессэнсоўным броўнаўскім руху. Без усялякай надзеі на стыкоўку. Адзінота ніяк не здатная аднавіць гэтыя повязі, колькі ні намагайся. Гэта амаль тое самае, што склеіць раструшчаную елачную цацку.

      Вобраз Іншага ў яе ўяўленні чэзне, расплываецца, знікае.

      Макарона тым часам ужо зварылася. Марыя вяртаецца на кухню, выплёсквае на друшляк клейкае месіва, дадае туды сардэльку і сырок. Ідзе ў пакой. Цяпер атрымалася роўна восем крокаў. Есць, не

Скачать книгу