ТОП просматриваемых книг сайта:
Libido. Ільля Сін
Читать онлайн.Название Libido
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7207-40-4
Автор произведения Ільля Сін
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»
Издательство Электронная книгарня
Нягледзячы на свой тлумны выгляд, яны выдатна ўпісаліся ва ўжо існы ландшафт. Як быццам масоўка з бутафорскімі шаблямі і на драўляных конях, што даўно чакала выхаду на сцэну за кулісамі камернай побытавай драмы.
…Між тым у алюмініевым рондалі нарэшце з’явіліся бурбалкі. Хоць нейкая падзея! Марыя засыпае туды соль і макарону, змяншае агонь, доўга памешвае пашчэрбленай драўлянай лыжкай, апускае накрыўку і вяртаецца на сваё месца каля вакна. Цяпер трэба зноў чакаць.
Яна так і не змагла прызвычаіцца да чакання.
Паверхам вышэй, у такой самай аднапакаёўцы, Толік разгладжвае пальцамі зморшчыны на сваім твары. Сёння ўвечары ён чамусьці наўздзіў задуменны – тормаз, як сказаў бы ягоны малодшы сын. Ды і праца нешта не спорыцца.
Пакрыты газетамі стол асветлены настольнай лямпай. На ім – паяльнік, кавалкі дроту рознай даўжыні, пласкагубцы, малаток, піўныя коркі.
На сцяне насупраць – рэпрадукцыя акварэлі, дзе выяўленыя птушкі розных відаў, колераў і памераў. Там снегіры, сініцы, глушэц, кнігаўка і разам з імі чамусьці канарэйка. Жанравы характар сцэнкі, у якой яны ўсе ўдзельнічаюць, можа вызначыць хіба спрактыкаваны арнітолаг.
Толік упэўнены, што аўтарам твору з’яўляецца Шышкін, хаця і не мае дакументальных таму пацвярджэнняў. Ягоны сябра Паша Штыр кажа: дурань ты, Шышкін маляваў толькі мішак. А гэта Васняцоў. Аднойчы яны ледзь не пабіліся.
Задача Толіка – перавесці плоскасную выяву ў аб’ём, выкарыстоўваючы ў якасці матэрыялу для сваёй скульптуры выключна бляшаныя коркі ад піўных пляшак. Над гэтай кампазіцыяй ён працуе ўжо шосты год, і яна дасюль яшчэ далёкая да завяршэння.
Ён просіць коркі ў калег, з якімі п’е піва ў скверы ля прахадной, і вельмі крыўдуе, калі нехта забываецца ды выкідае кругляшы ў сметніцу. Пасля працы заходзіць у танныя піўнухі, дзе піва прадаюць у пляшках. Часам нават падымае коркі з асфальту ды ўпотайкі кладзе ў кішэню.
Потым трэба сагнуць кожны з іх пласкагубцамі, а затым пафарбаваць у чорны колер.
Чамусьці Толік вырашыў, што ягоны твор будзе мець толькі адзін колер – чорны. Хаця на акварэлі птушкі блакітнаватыя, белыя, памаранчавыя, светлаліловыя, жоўта-брунатныя…
Два снегіры, канарэйка і сініца ў яго ўжо гатовыя – яны размясціліся на сваіх галінках, зробленых з дроту. Другая сініца – якая, паводле сюжэта, відавочна мае пэўныя непаразуменні з першай, – адразу не атрымалася, і давялося яе перарабляць.
Толік бярэ корак пласкагубцамі, згінае яго роўна напалам, акунае ў міску з чорнай фарбай і, калі ён высыхае, ахайна прыладжвае да галавы сініцы. Гэта будзе аснова яе дзюбы. Трэба ўпаяць яшчэ пару коркаў упоперак, каб яна стала дастаткова трывалай.
Рукі трохі дрыжаць, але стараннасць прыносіць свой плён.
Новая