ТОП просматриваемых книг сайта:
Вараціш-гара. Маргарыта Латышкевіч
Читать онлайн.Название Вараціш-гара
Год выпуска 2019
isbn 978-985-7210-14-5
Автор произведения Маргарыта Латышкевіч
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
Толькі вось у смаку таго яблыка было штосьці такое, што ўсхвалявала яе памяць, што адшукала ў яе памяці і ў сэрцы – страшную, балючую пустку, рану, якая хай і запяклася, але ўсё яшчэ смылела. І, асэнсаваўшы ўсё, быццам ачомаўшыся, быццам абудзіўшыся ад доўгага сну, Ільга раптам з жахам зразумела, што змаладушнічала, збаялася аднойчы і сама сябе загнала ў кут, у тупік без выйсця. І ад гэтага асэнсавання зямля сыходзіла з–пад ног і не ставала паветра.
І зноў падалося, быццам яна вось–вось павінна ўспомніць усё, трэба толькі напружыць памяць у апошнім высілку.
– Хаця б весела было? – спытаў Алізар мякка, не выпускаючы яе руку са сваіх далоней. Ільга здрыганулася ўсім целам, зірнула на яго спужанымі вачыма. Нітачка зноў перарвалася, унутраная бездань дыхала самым сапраўдным ледзяным холадам – так, што Ільгу ўзяла дрыготка.
Княжыч заўважыў, варухнуў бровамі, скінуў падбіты футрам плашч, захутаў Ільгу. Усміхнуўся, сустрэўшыся з ёй поглядам, і ад гэтай шчырай і цёплай усмешкі ў Ільгі сціснулася сэрца.
– Хадзем, хадзем, – сказаў Алізар, асцярожна адвёўшы ад Ільзінага твару неслухмяную пасму. – Вечарэе, з верасовых пустак цягне сырасцю.
І Ільга, блытаючыся ў аксамітным падоле, дазволіла сябе звесці, дазволіла сабе расслабіцца, кінуць спробы адолець прагал ва ўспамінах. Адчувала моцную цёплую руку вакол сваіх плеч, думала мляўка, павольна і ленавата: і няхай так застаецца, і няхай так і будзе. У казак ёсць свае законы, казкі ўсе расказваюцца на адзін лад, і нічога з гэтым не зробіш, і супраціўляцца марна.
– Там быў стары гусляр, – задуменна прагаварыла Ільга. – Уяві, спяваў пра князёўну і цмока. Пра мяне.
Прамовіўшы гэта, раптам сумелася, і зноў адрынула мляўкасць, паспрабавала засяродзіцца на аднойчы заўважанай няправільнасці.
Княжыч яе задуменнасці, здаецца, не заўважыў, але гусляром зацікавіўся.
– У нас у замку амаль няма музыкаў, – заўважыў ён мімаходзь. – Варта было б запрасіць каго, калі папрыязджалі на кірмаш. Праўда ж?
Ільга адказала кіўком. Музыкаў у замку сапраўды было нямнога, а тыя, што былі, не маглі асабліва пахваліцца ані выбітным уменнем, ані пекнымі песнямі. Князь хацеў склікаць лепшых майстроў з бліжніх зямель на кірмаш і на сынава вяселле, але з тых запрошаных пакуль яшчэ ніхто не з’явіўся.
Зрэшты, падумала Ільга, гэта трохі нават дзіўна. Усе гэтыя два гады ў княжым замку яна не чула сапраўднай музыкі. Вядома, жанчыны часам спявалі за працай, а дружыннікі – за кубкамі з віном, але тая музыка была дамашняя,