Скачать книгу

накрыла з галавой, заліла вуха і нос. Мокрыя валасы закрылі вочы. Велізарныя далоні ракі адна за адной білі з усіх бакоў, ногі занямелі ў вадзе, што напаўняла човен. Невядома, дзе рака, а дзе неба, у чоўне яна ляжыць ці на дне. «Лёс, хутчэй бы патануць і скончыць усё». Плыні круцілі, пераварочвалі з ног на галаву і назад. Човен, разбіты на мноства шчэпак, віраваў навокал. Калі вада перастала апякаць холадам, Бася зразумела, што тоне.

      Халодны вецер ператварыў кожную кроплю на целе ў крышталік лёду. Хацелася ўстаць, але крышталікі сабраліся ў ільдзяную кальчугу. Некалькі разоў Басі здавалася, што яна паднімаецца, збівае з сябе рэшткі звёнаў, рушыць ў лес і знаходзіць сцежку. Пробліскі свядомасці падказвалі, што яна ляжыць на халодным. Зрэшты, Бася не змагла б дакладна сказаць, дзе было прасвятленне, а дзе – забыццё. Толькі аднойчы яна выразна пачула голас: «Гэта яна. Забірайце» – і чыесьці рукі нязручна, балюча падхапілі яе пад пахі і пад калені. «Нясуць бы мех з сенам», – падумала Бася, але змаўчала і зноў страціла прытомнасць.

* * *

      Штосьці навязліва цёплае ахутвала цела. Другім слоем лягла паніка. Бася ўскінулася, спрабуючы вызваліцца, стукнулася ілбом у нешта цвёрдае.

      – Ай! – пачула яна па-птушынаму звонкае і адплюшчыла вочы. На краі яе ложка сядзела дзяўчына. Сонечнае святло праз акно з-за спіны незнаёмкі не дазваляла разглядзець твар, толькі падпраменьвала дзіўным ззяннем густыя светлыя валасы, заплеценыя ў касу. На макаўцы тырчалі некалькі непаслухмяных валасінак. Блакітнага колеру кашуля з шырокімі рукавамі здавалася ўбранствам незямной істоты. Напэўна, так выглядала б у ясны дзень Нябёсная Птушка, што прыносіць на зямлю намаляваныя Лёсам жыцці, калі б уздумалася ёй ператварыцца ў чалавека. Яна зліваецца з небам, каб людзі не заўважылі і не пажадалі раней часу даведацца, што ім наканавана. У пахмурныя дні ўбор яе паўсядзённы, хмарна-шэры. Ясным часам яна апранае святочныя блакітныя крылы, пранізаныя промнямі сонечнага святла. Кажуць яшчэ, што пёрамі сваімі яна адзначае, добрае жыццёчакае чалавека ці змрочнае і цяжкае, як набрынялыя дажджом хмары. Самыя кемлівыя здагадаліся, што ў пагодныя дні нараджаюцца людзі шчаслівыя, лёгкія, а ў дажджлівыя – няшчасныя, з цяжкай доляй наперадзе. Шкада толькі, што чалавек не памятае дзень, калі нарадзіўся.

      – Ясная, – прашапаталі непаслухмяныя Басіны вусны. – Мая Птушка ясная.

      – Я хацела паправіць коўдру, – ціха сказала птушка і пяшчотна ўсміхнулася. Бася міргнула. Такія простыя словы знялі нечаканае трызненне, пакінуўшы адно няўцямны паслясмак. Карцела разабрацца з месівам думак, але чым больш яна выхоплівала іх па адной, тым больш яны блыталіся. Светлавалосая працягвала.

      – Ты ў паселішчы. Дзякуй Лёсу, жывая. Вікторыя, не дачакаўшыся, выправіла людзей на пошук. Яны знайшлі цябе на беразе Хітрулі. Човен чамусьці схібіў гэтым разам, не давёз – толькі трэскі вынесла, ды цябе. Лёс яго ведае, што там здарылася. А я Анэля, твая суседка. Вікторыя прасіла паклікаць яе, калі ты апрытомнееш. Гатовая?

      Галава

Скачать книгу