Скачать книгу

і прынцаў. Кожная лялька – у празрыстай труне, праўда, не крышталёвай, а пластыкавай. І цалаваць іх, каб ажывіць, не было каму. Меркавалася, што цацкі ажывуць воляй фантазіі дзіцяці. Леся глядзела на іх – яны працягвалі быць мёртвымі.

      – А дзе хаты? Дзе палац? Дзе цэлы свет?

      – Хаты і палац асобна прадаваліся. Па такіх коштах, што ў мяне вочы ў кучку збегліся, дагэтуль адысці не магу. Я на гэты кляты набор цэлы заробак аддала, а табе яшчэ і хаты падавай.

      Сёлетні падарунак быў горшы за школьную кашулю і чаравікі, купленыя на дзень народзінаў тры гады таму. Тыя рэчы былі завялікія, «навыраст», як любіла казаць мама, – нязручныя, шырокія. Рукавы аж закрывалі пальцы, падэшвы шлэпалі па пятках. А гэтыя лялькі – запознія. Адно што расставіць іх на палічкі, каб балюча нагадвалі пра страчаны на пустыя мары час.

      Зрэшты, іншага падарунка чакаць яшчэ цэлы год. Безвыходнасць саступіла месца дзейнасці. Скрыня, закінутая ў дальні кут пакоя, прыцягвала погляд, клікала кожнай бліскучкай, кожным пералівам фарбы. Калі ёсць жыхары, будуць і хаты. Лёс гэтых пластыкавых істот цяпер залежыць ад Лесі. Дзяўчына сцягнула ў пакой будаўнічы матэрыял – кардонныя лісты, скрыні з-пад абутку, кавалкі шпалераў, абрэзкі тканіны, нажніцы, скотч, клей, паперы… Якая яна малайчынка, што ніколі нічога не выкідвае, нягледзячы на пратэсты маці і сястры. Няўжо досвед не падказвае ім, што самая бязглуздая рэч можа спатрэбіцца ў самы нечаканы момант і без яе жыццё ніяк не складзецца?

      З гэтым быў згодны папугайчык Бяляшык, выпушчаны пагуляць з клеткі: яго жыццё таксама не хацела складвацца без раскіданых па падлозе панадных дробязей. Прагная птушыная дзюба ўвесь час торкалася ў паперу, тканіну, нажніцы і іншыя важныя ў будаўніцтве рэчы. Заўважыўшы, што нешта важнае дзеецца без яго, далучыўся кот Персік, вечны папугаеў сябар, саўдзельнік і супернік. Яму найбольш каштоўнай падалася шпуля скотча. Колькі дзяўчынка ні спрабавала забраць яе з кіпцястых лап, нічога не атрымлівалася. Праца кіпела ў дзве рукі і шэсць лап. Паверх за паверхам паўставаў кардонна-папяровы свет на палічках стэлажа. Скрыні з-пад абутку рабіліся пакоямі, з-пад запалак – склейваліся ў разнастайную мэблю. Вакол хат вырастаў лес з зялёных, у лісце, шпалераў, пракладаліся сцяжынкі з дробнага камення, між якімі каляровымі плямамі квітнелі тканінныя краскі. З верхняй палічкі ззяла над Светам папяровае сонца, здалёк яму пагражалі папяровыя хмары. На іх, змагаючыся са спакусай, паглядаў Бяляшык, хаваючыся ад прагных позіркаў Персіка.

      – Рамонту, канешне, рабіць не перарабіць, але на першы час жыць ёсць дзе, – з выглядам вопытнага прараба прамовіла задаволеная Леся. Бяляшык, што сцягнуў у сваю клетку некалькі фанцікаў, і Персік, які так і не прызнаўся, куды падзеў скотч, былі згодныя.

      Надышоў час засяляцца.

      Хат на ўсіх не хапала. Даводзілася сяліць па дзве, а то і тры лялькі разам. Зрэшты, Леся і так збіралася раздзяляць сваіх апекаваных на пары – у яе свеце не павінна быць няшчасных і самотных. Добрая і спагадлівая правіцелька

Скачать книгу