ТОП просматриваемых книг сайта:
Ні на небе, ні на зямлі. Отсутствует
Читать онлайн.Название Ні на небе, ні на зямлі
Год выпуска 2013
isbn 978-985-7059-79-9
Автор произведения Отсутствует
Жанр Сказки
Издательство Электронная книгарня
Не лішне звярнуць увагу на тое, што пэўныя асаблівасці як ладу жыцця, так і характару – інакш кажучы, «апазнавальныя знакі» душы – народа залежаць ад ландшафту, клімату і іншых прыродных умоў, у якіх гэтыя народы канчаткова сфарміраваліся. Думаецца, няма патрэбы доўга тлумачыць, што не зусім аднолькавыя жыццёвыя абставіны ў людзей, якія жылі і жывуць на раўнінах і ў гарах, у сухіх стэпах і на берагах паўнаводных рэк альбо азёр. Адпаведна, хіба не ўздзейнічалі на ўмовы жыцця рэкі Волга, Днепр, Гарынь, Нёман, Дунай, Лаба, Вісла, Дрына, Марава і іншыя, у кожнай з якіх свой нораў? А няўжо малаістотна тое, што адным наканавана жыць каля мора халоднага – Балтыйскага ці Белага, другім каля мора цёплага – Адрыятычнага ці Чорнага, а трэцім увогуле марскіх прастораў не бачыць? Зноў жа, як на акалічнасці жыцця можа не ўплываць тое, што ў паўднёвых краях сонечных дзён за год бывае больш, а ў паўночных менш, што дзесьці дажджы ідуць часцей, а дзесьці радзей?.. Як-ніяк, ад усяго гэтага залежыць урадлівасць зямлі-карміцелькі і ўраджайнасць таго, што земляроб садзіць-сее, а гэта значыць – і асаблівасці ладу гаспадарання, а ў пэўнай меры таксама і адносіны да розных відаў працы, і многае іншае… Карацей кажучы, ад рэальнага свету, які непасрэдна акружае, залежыць светаўспрыманне, светаадчуванне і светаадлюстраванне як кожнага чалавека, так і кожнага народа. І пэўныя асаблівасці светаадлюстравання кожнага са славянскіх народаў ты зможаш заўважыць у казках.
Дык што, адрозненні набываюць перавагу? Зусім не. Скажу больш таго: многія вучоныя свету здаўна адзначалі шмат агульнага ў поглядах славян на ўладкаванне свету, на прыроду, на прызначэнне чалавека і яго ідэалы. І ты зможаш гэта пацвердзіць, калі азнаёмішся з прапанаванай кнігай.
Прыемнага і карыснага табе, мой дружа, чытання!
Верыцца, што ва ўсіх славянскіх народаў хапае розуму і сілы на тое, каб захоўваць і ўмацоўваць калі не братэрскія, то хоць сваяцкія адносіны.
Беларускія
Лёгкі хлеб
Шчыраваў на сенажаці касец. Змарыўшыся, ён прысеў у цянёк адпачыць ды падсілкавацца. Развязаў торбачку, дастаў свой сціплы харч і пачаў есці. А тут выходзіць з лесу галодны воўк і бачыць пад кустом чалавека, які са смакам жуе. Воўк да яго:
– Што ясі, чалавеча?
– Хлеб, – адказвае той.
– А ён смачны?
– Пэўна што смачны!
– Дай мне пакаштаваць.
– Калі ласка! – не пашкадаваў кавалка хлеба касец.
Ваўку хлеб вельмі спадабаўся. Вось ён і кажа:
– Смаката! Я б кожны дзень хлеб еў. Але дзе ж мне яго даставаць?! Можа, што параіш, чалавеча?
– Добра, – згадзіўся касец, – калі хочаш, навучу, дзе і як хлеб здабываць.
І пачаў вучыць:
– Перш-наперш трэба зямлю ўзараць…
– І будзе хлеб? – нецярпліва пытаецца воўк.
– Ды пачакай, браце!