ТОП просматриваемых книг сайта:
Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Читать онлайн.Название Мы з Санькам – артылерысты
Год выпуска 1989
isbn 978-985-02-1159-0
Автор произведения Іван Сяркоў
Жанр Детская проза
Издательство Электронная книгарня
А падпалкоўнік ужо зусім супакоіўся, мабыць, забыў пра маю двойку, стаіць і ўсё хістаецца, разглядваючы мяне зверху ўніз, а я ўкрадкі разглядваю яго. Твар у падпалкоўніка нейкі стомлены, і хоць не скажаш, што худы, пад вачыма чорныя, запалыя кругі, нібы акуляры, а самі вочы сумныя і заклапочаныя. Вось ён кінуў ківацца не спяшаючыся, абышоў вакол мяне і так цяжка ўздыхнуў, што мне аж шкада яго стала. Можа, гора якое ў чалавека? А можа, я яму не па густу, дык думае, як збавіцца ад такога золатка.
I тут з’яўляецца знаёмы мне старшына – той самы, што нас з Санькам вытурыў са строю, калі мы прымазаліся да іншагародніх яшчэ да здачы экзаменаў, ён мяне цяпер не пазнаў, а я яго – нібы аблупленага: нос – бог семярым нёс, казырок – лапатай, а вайсковай выпраўкай і не пахне. Дзядзька з калгаса, а не старшына. I прозвішча калгаснае – Хамутоў. Гэта я з яго рапарту падпалкоўніку дазнаўся толькі што. Дык няўжо гэта ён і старшына і каптэнармус адразу?
– Старшына, вазьміце-тка вы гэтага нямытага Ньютана ды зрабіце яму такую апрацоўку, каб аж чарцям моташна стала, і не тое што вопратку – скуру здыміце, – распарадзіўся падпалкоўнік, – а то ён нам можа дыверсантаў напусціць.
– Яшчэ і як можа, таварыш падпалкоўнік, – згадзіўся старшына, ацаніўшы мяне кароткім позіркам, і загадаў: – За мной!
Што падпалкоўнік меў на ўвазе пад дыверсантамі, тут вялікім здагадзькам быць не трэба. Хоць і сорамна прызнацца, а ёсць яны ў мяне – вошкі, тут бога няма чаго гнявіць. 1 нас з бабулькай не трэба вінаваціць: гадамі мыла ў вочы не бачылі. Яго ў нашай краме, ды і ў гарадскіх магазінах, днём з агнём не знойдзеш, а купляць на базары з рук, у спекулянтаў,– цана кусаецца, трэба мех грошай. За мыла аддасі і без штаноў застанешся, не будзе чаго і мыць тым мылам. Вось і золіць старая нашы транты попелам. А попел што? Яго дыверсанты баяцца, але не вельмі.
Толькі ж як гэта каптэнармус мяне будзе так жудасна апрацоўваць, што чарцям стане моташна? Пакуль тым чарцям, дык мне першаму ад такога загаду крыху не па сабе. Яшчэ абмажуць чым-небудзь смярдзючым, як тады пасля сыпняку хату аблівалі. Будзе тады – хоць нос затыкай. А могуць і тым самым дустам, пра які бабка марыць не менш, як гіра мыла, але таксама нідзе здабыць не можа. Словам, знойдуць сродак, што, чаго добрага, скура і сапраўды злезе. Але ўсе ж вунь жывыя, і я не памру. Што людзям, тое і нам.
Загадаўшы пачакаць яго ў калідоры непадалёку ад днявальнага, які цяпер мне на хвост солі можа насыпаць, а не выгнаць, каптэнармус прывёў сюды яшчэ трох такіх жа, як і я, з былых адсеяных, а сам зноў знік за дзвярыма з незразумелым надпісам «Капцёрка». Відаць, тут і будуць нас заліць, бо слова гэта нейкае дзяручае.
Пакуль ён там быў, мы крыху паміж сабой і пазнаёміліся, можна сказаць, толькі абнюхаліся. Хлапчыну, што стаяў бліжэй да мяне, звалі проста Толікам, затое прозвішча гучнае – Гецьман. Штосьці ёсць у ім такое ваяўнічае, казацкае. Я нават пазайздросціў, хаця сам Гецьман ціхі, рахманы, нібы цяля.