ТОП просматриваемых книг сайта:
Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Читать онлайн.Название Мы з Санькам – артылерысты
Год выпуска 1989
isbn 978-985-02-1159-0
Автор произведения Іван Сяркоў
Жанр Детская проза
Издательство Электронная книгарня
– Гэта ж цяпер, старая, нам на штаны хлопцу трэба разжывацца, ды і світку нейкую на зіму не шкодзіла б. Парсюка збыць, ці што?
Словам, нарабіў клопату той дыктант і мне і бацьку. Але няхай ён не вельмі журыцца – я і сам сабе зараблю. Падумаю добра і пайду ў прычэпшчыкі. Яны часта змяняюцца. Кажуць, што цяжка. Нічога, перажыву. На плузе за трактарам ездзіць – не пешкі хадзіць. Канешне, зямлі пад’ясі болей, чым хлеба, затое заробкі пастаянныя.
А лепш за ўсё – у конюхі, памагатым да Пецькі Чыжыка. Ён жа мой аднагодак, дык што я з табуном не спраўлюся? Праўда, з Пецькам даглядае коней і дзед Каўрач, але там таго дзеда столькі – адзін кашаль застаўся. Як на луг табун гнаць, дык на каня трэба падсаджваць, быццам на печ. Вось я на яго месца і стану. Таксама што ні дзень, дык працадзень, а то і паўтара.
– Ну калі тое і будзе, то хіба па восені, як снапы звязуць і бульбу пакапаюць, – сказаў раніцай бацька, пачуўшы пра мае намеры пайсці ў конюхі,– а пакуль што паставіць цябе брыгадзірка хутчэй за ўсё на маё месца – снапы вазіць, а мяне, відаць, пашле на малатарню, бо мужыкоў там мала, ды і тыя калекі.
А бабулі мае конныя задумы прыйшліся не па душы:
– Табе на кані гарцаваць, а мне штаны латаць? Дзе гэта я намеюся тых латак ды нітак?
– Там яно яшчэ відаць будзе, – супакоіў яе бацька, і мы пайшлі на калгасны двор, пайшлі ўсёй сям’ёй: наперадзе бацька з бабуляй, за імі я і Глыжка з пугай цераз плячо.
Нінка-брыгадзірка, чорная ад сонца, нібы галавешка, убачыўшы мяне, узрадавалася, як роднаму сыну.
– Вось малайчына, што вярнуўся ў брыгаду, – затараторыла яна, па-мужчынску здароўкаючыся са мной, а потым разанула сябе рукой па шыі,– мне мужыкі во як трэба.
Пакуль што ніхто з мяне не смяецца: мужчыны кураць пад кузняй, жанчыны гамоняць сваім гуртам. Нікому я не ў галаве. Дарма толькі ўчора, вяртаючыся з вучылішча, хаваўся ад людзей, нібы бадзяга з Сахаліна.
Але ў хлапечым гурце мяне сустрэлі зусім інакш.
– Здароў, афіцэр! – весела павітаўся са мной Косцік Скок, наш балалаечнік, і ўсе хлопцы рагатнулі, а Скачок – ён з тых, што дзеля прыгожага слоўца бацькі не пашкадуе, – пачаў клоуна з сябе строіць.
– Калі б вы бачылі, хлопцы, як ён на апошнія пагулянкі прыходзіў! – I пайшоў перад усімі вылузвацца: грудзі выгнуў дугой, нос задраў на неба, губы закапыліў і давай віхляць худым задам у дзіравых штанах. Усе так і пакаціліся ад смеху, нават гэты парсюк Глыжка засакатаў. Чые тут нервы вытрымаюць? Кінуўся я з кулакамі – і пачалася заваруха, і пакаціліся мы па мурагу. Але хлопцы не далі душу адвесці, наваліліся гуртам і разбаранілі. Клопат такі – адзін на адзін дзе-небудзь сквітаюся. Аднак калі тое яшчэ будзе, а мянушка ўжо да мяне прыліпла – Афіцэр. У вочы і за вочы. Давялося змірыцца – што ты зробіш? На ўсіх з кулакамі кідацца не будзеш – сам зубоў не напасешся. Ды і мянушка не такая ўжо крыўдная. Вунь аднаго хлопца з хутара Кастагрызам дражняць,