ТОП просматриваемых книг сайта:
Лявон Бушмар. Кузьма Чорны
Читать онлайн.Название Лявон Бушмар
Год выпуска 1929
isbn 978-985-02-0915-3
Автор произведения Кузьма Чорны
Жанр Литература 20 века
Серия Бібліятэка школьніка
Издательство Электронная книгарня
– Падсуседзі – не падсуседзі, а хаўрус з табою хачу зрабіць. Уцячы ў лес да цябе хачу. Хлопцы мае самі прыслалі мяне да цябе… Дарогу тваю адапхнулі? Палетак паўз лес адрэзалі? На гэты бок лесу залазяць? Андрэй арудуе? I арудаваць будзе, бо ён на цябе вока не мае. Ён пытаў (сам я чуў) у Амілі нядаўна – ці запісана яна ў гэтым рабачкоме…
Вінцэнты раптам спыніў гаворку i палажыў рукі на полы вопраткі. Расцягнулася ніжняя губа, стала тоненькаю, i мяшкі пад вачыма пачырванелі. Ён трошкі прысеў, трошкі нагнуўся да Бушмарава вуха. Спачатку так памаўчаў, пасля захіхiкаў:
– Хi-хi-хi, хi-хi-i-i…
Бушмар зусім здзівіўся, аж злосць папаўзла па твары яго.
– Хi-хi, гэта такі недурны нехта выдумаў, імя яму даў – рабачок… падточвае гаспадароў… ці запісалася ты, кажа, у рабачок… Хi-хi-i-i.
Зноў ён раптам зрабіўся сталым, пасля гэтай штучнай весялосці:
– Страшная штука робіцца. Усё к чортавай матары пойдзе. Гады, запанаваць хочуць… Будзе табе яшчэ не гэта. Яшчэ i хату адбяруць у цябе, i самога з торбаю па свеце пусцяць, калі самому не ратавацца.
– Што? – гукнуў з усіх жыл Бушмар.
А той як бы наўмысля прыйшоў сюды, каб памучыць:
– I ўсім нам тое самае будзе, калі, я ж кажу, не ратавацца.
Тут ён змоўк i ўздыхнуў. Бушмар, каб прымеў, дык увагнаў бы тут яго на месцы ў зямлю. Вінцэнты яшчэ трохi памучыў:
– Гэта можна было адразу бачыць, што гэта будзе…
– Што?! – нема раўнуў Бушмар.
I ўжо тут Вінцэнты як мае быць дайшоў да справы:
– Усё пойдзе нанава. Гэта, што яны там панастаўлялі тычак i слупоў, дык увосень усё параскідаюць самі ж. Гэтыя новыя межы на знос пойдуць. I гэта, што падзялілі гэтыя дзялянкі, што адхапілі ад хутароў (i тваё тут дабро запала), – усё ў адзін кацёл пойдзе. Усё, як ёсць! Нават больш яшчэ ад хутароў адхопяць, нават зусім некаторых пазганяюць з месц сваіх – няма табе, кажа, ні хаткі, ні градкі. Народ, можа, паддавацца не будзе, але гэта… займі чорта ад варот, дык ён цераз плот! Ён цябе пройме навылёт, а свайго дойдзе… Згоняць усіх разам, выдзеляць табе, каб з голаду ўздоўж лавы лытак не стуліў, а рэштку спажыве той, хто будзе на чыёй шыi сядзець.
– Можа, да гэтага яшчэ не дойдзе, – разважыў сам з сябе Бушмар.
Ён аж панурасць сваю пачаў траціць.
– Ты тут сядзіш, як воўк, i нічога не ведаеш, што па людзях робіцца, цябе да калецтва як мае быць збіраюцца давесці, а ты снедаеш сабе, як на выгодзе…
– Хто гэта хоча?
– Гады. Андрэй. Аміля нябось маўчыць табе. От папытайся ты ў яе, што Андрэй парабляе…
– Ну, дык што рабіць?
– Я табе скажу, што рабіць – яны сваё, а мы сваё. Няхай сабе іх там дзвесце сядзе каля аднаго катла, а мы тут удзесяцярох сядзем. Ты, я, хлопцы мае, можа, яшчэ хто з адзін падахвоціцца, от табе i кацёл. Без гадаў, без нікога, сам сабе. I ўсё маё будзе пры мне, i пальцам ніхто не зачэпіць. Тады мы i адсудзіць можам законам, што i ад цябе забралі. Яны няхай сабе, а мы сабе, не канешне галетніка ўспамагаць сваім уласным ды родным. Ну як? Ты сядзіш i нічога не чуеш?
Бушмар маўчаў.
– Я сам на гэты