Скачать книгу

з неахвотаю – дужа гразка было – пакіраваўся да сталоў («мо й на маю долю перападзе што людскае», сказаў, маючы на ўвазе вярбоўку ў сваё ведамства). Чайка з Лебедзевым пратаўкліся праз натоўп, абмінулі царкву і апынуліся на вулічцы. У канцы яе, крокаў за двесці ад царквы, была хата, дзе кампалка кватараваў.

      І на гэтай вулічцы, і на ўсіх прылеглых да плошчы тоўпілася процьма народу. Людзі выліваліся на іх з цеснага, замалога пляца, што тая вада з перапоўненай пасудзіны. У адным гурце, з якім акурат параўналіся Чайка з Лебедзевым, панавала найбольшая весялосць – чыталі ўголас мабілізацыйную абвестку. Тоўсты, барадаты, з шыкоўнымі, на польскі манер закручанымі вусамі грозавец, якінебудзь запісны жартаўніканекдотчык, што паўсюль знаходзяцца, узіраючыся ў паперчыну, чытаў густым басам, знарок сур’ёзна, чым толькі смяшыў слухачоў яшчэ болей…

      Змест паперчыны быў такі:

      Аб прыняцьці жаўнераў

      І. Нацыянальнасьці быць беларускай

      2. Гадоў мець ад І8 да 40

      (І знізу дробным почыркам прыпіска)

      Увага!

      Жаўнеры могуць быць залічаныя да 18 гадоў пры згодзе бацькоў (зацьверджанай ва ўстанове).

      Старшыя за сорак гадоў могуць быць прынятыя па іхняму жаданьню.

      3. Дакументы мець: мэтрыка або пашпарт, пасьведчаньне аб адукацыі.

      – Так што, – прачытаўшы, сур’ёзна і строга казаў, звяртаючыся да нейкага маладзёна ў новенькай польскай канфедэратцы, таўстунгрозавец, – давай, чашы ў Капыль, у рэўкам, напішаш заяву, саветы ляпнуць пячатку, што згодныя, каб ты ваяваў супраць іх, а потым яшчэ і бацька хай падпіша! Бацька – абавязкова!

      – Да ну, – адказваў небарака, чырванеючы пад дружны рогат, – пайду я… Чаго я пайду ў той Капыль?..

      Недарэчнасць гэтая – патрабаванне ад улады афіцыйнага дазволу на змаганне з ёй самою – тлумачылася проста. Калі выходзілі са Слуцка, сваіх, «свежых» абвестак аддрукаваць не паспелі (рукі не дайшлі, былі больш пільныя справы: сцяг пашыць, еўрапейскую ноту пратэсту, сто першую па ліку, прыняць…). Вырашылі пакарыстацца састарэлымі, якія паўгода назад выпусціла Беларуская вайсковая камісія і якія прывёз з Гародні маёр Борык. Сама БВК даўно (і безпаспяхова) вяла пры дапамозе агентаў мабілізацыйную кампанію сярод заходнікаў. Польскія ўлады пазіралі на гэта скрозь пальцы, ахвотна «зацьверджваючы» абвесткі ў сваіх установах, ведаючы, як наваююць заможныя, апалячаныя Тамашы ды Янкі; так і атрымоўвалася. «Якое ж гэта ў вас войска, казалі Тамашы з Янкамі, што трэба ў палякаў дазволу пытацца? Вы аб’явіце афіцыйную, законную мабілізацыю, тады ўсе запішамся…»

      Даніла ўжо шчыраваў у двары – адкідваў драўлянай лапатаю снег, робячы сцежку ад ганка да веснічак. Пад павеццю стаялі побач, накрытыя папонамі, коні, елі з ясляў. Пад нагамі ў іх круціліся куры, падбіралі авёс. Калі паказаліся ля веснічак Чайка разам з бальшавіцкім камандзірам, кемлівы ардынарац ані не здзівіўся такой кампаніі. Ён адразу змікіціў, як паводзіць сябе пры чужаку.

Скачать книгу