Скачать книгу

Зрэшты, ў ёй вельмі моцна было накурана. Дзяжурны сядзеў на адным тапчане з сябрамМірончыкам і гуляў у дваццаць адно. Мірончык якраз здаваў, дзяжурны, седзячы спінаю да дзвярэй, захоплены гульнёю, не бачыў начальства, нават не пачуў крокаў. «Давай… Яшчэ… Сабе!» – але Мірончык кінуў на тапчан карты і зрабіў яму знак – азірніся, маўляў… Дзяжурны ўраз падскочыў, стаў «смірна», сутаргава прабег пальцамі па гузіках кіцеля. Мірончык таксама падняўся, лена, неахвотна, нават самакруткі з рота не выцягнуў.

      – Свабодзен, забірай свае манаткі і валі адсюль, – сказаў яму Мірановіч. – Ды падзякуй вось камандзіру палка, што злітасцівіўся… Будзеш п’янстваваць і самаволіць – атрымаеш публічна «дваццаць пяць»* і разжалаванне ў абоз.

      Мірончык, відаць, і не чакаў нічога іншага, ведаў, што не паспее яшчэ як след у карты нагуляцца, як прыйдуць самі і адпусцяць. Сабраў з тапчана карты, дастаў з шафы шынель, перакінуў цераз руку. Калі выходзіў – адно зыркнуў на Чайку маўчком, спадылба.

      – Ты мне яшчэ раз паглядзі такімі вачыма! – крыкнуў яму ўслед Мірановіч. – Абнаглелі ўжо дарэшты…

      – Слухай, – успомніў раптам Чайка, – а тут жа яшчэ адзін павінен быць, гэты чырвоны, якога яны прывялі.

      – Ну.

      – Можна мне яго… дапытаць?

      – Ты ж камандзір, а не я, табе ўсё можна. Дапытвай, вучыся, – пажартаваў Мірановіч. – Цяпер табе яго даць?

      – Так.

      – Хадзем, адчыніш, – загадаў Мірановіч дзяжурнаму, – дзе ён тут у цябе?

      Пачырванелы, збянтэжаны не столькі ад сваёй правіны, колькі ад таго, што начальства не робіць яму ніякай заўвагі, дзяжурны вырашыў, што самае лепшае цяпер – не апраўдвацца, а моўчкі і чым хутчэй выконваць загад. Выскачыў з камеры, бягом пабег па калідоры, абганяючы камандзіраў. Хуценька адамкнуў замок, бразгаючы ключамі, адваліў цяжкую засаўку.

      Мірановіч паруску, гучна і весела скамандаваў у прыцемак камеры:

      – На выход с вешами!

      І Чайка сам уздрыгнуў ад гэтага воклічу, ўмомант успомніўшы Слуцк, сваю службу ў чырвоных, у ваенкамаце, і расказы пра «чэка», і пра гэтае самае «выходи с вешами», і пра тое, што робіцца з людзьмі пасля гэтых звычайных, а на справе жудасных слоў… Расказы, як крычалі, і прасілі ратунку, і мачыліся, апраўляліся пад сябе, падалі трупамі на падлогу і іх даводзілася валачы волакам, затыкаць чым папала раты, накідваць на галовы мяшкі, пажывому, з хрустам ламаючы косці, звязваць вяроўкаю ці дротам рукі; амаль усе, пакуль цягнулі іх па калідоры, вар’яцелі ад жаху – «нармальнымі яны ўжо не будуць», расказваў неяк у ваенкамаце, паплёваючы на падлогу, адзін знаёмы чэкіст і тлумачыў, што іх, гэтых прасмердлых мачой і калам паўчалавекаў, адпраўляць пасля «да начальніка земляробства» (расстрэльваць) – гэта самы што ні на ёсць гуманізм, смерць для іх паратунак; перанёсшы такія жахі, яны не жыльцы ўжо, не людзі, і амаль усе проста на каленях умольваюць хутчэй дабіць іх… «Самі ж просяць!» – гэтак знаёмы чэкіст адказаў на пытанне, ці лёгка яму забіваць, ці не мучыць яго сумленне.

      Добра

Скачать книгу