ТОП просматриваемых книг сайта:
Ланцуг (зборнік). Андрэй Федарэнка
Читать онлайн.Название Ланцуг (зборнік)
Год выпуска 2012
isbn 978-985-02-1361-7
Автор произведения Андрэй Федарэнка
Жанр Современная зарубежная литература
Серия Беларуская проза XXI стагоддзя
Издательство Электронная книгарня
Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.
А як яго знайшлі?
З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.
Адтуль жа не відаць нашага акна.
Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.
Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:
Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца… Ды і бачылі яго. Зайшоў – і няма, і няма.
Ён… – Вінярскі сабраўся з духам, – нічога не казаў?
Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць – доктара ў бальніцы!
Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі – нічога яшчэ невядома!
Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:
– Я ў сябе буду, – і пайшоў.
Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо…
Вінярскаму ўявілася, як прыходзіць шчаслівы Іван Змітравіч, блізарукі, нават не заўважае, што з акном нешта не тое, становіцца на крэсла, корпаецца пад папкамі… Пуста! Яму робіцца блага. Ён злазіць ці мо нават падае з крэсла… Не, не падае! У тым і справа, што ён адразу здагадаўся, хто злодзей! I, не жадаючы «падстаўляць» яго, злодзея Вінярскага, зачыняе дзверцы, знаходзіць сілы злезці, адсунуць ад шафы крэсла і толькі тады валіцца на кушэтку… Калі б ён пакінуў расчыненымі дзверцы ды крэсла каля шафы – маглі б западозрыць, што яму стала кепска пасля таго, як ён нешта ўбачыў – там, у шафе… Ці павінен быў убачыць і не ўбачыў… Пачаліся б разборкі, і рана ці позна выйшлі б на Вінярскага…
Выходзіла, што стары доктар свядома, смерцю сваёй ратаваў Вінярскаму жыццё.
«Ды што за смерцю?! – жахнуўся раптам Вінярскі. – А калі выжыве?! А калі нават памрэ, перад тым, як памерці, тысячу разоў усё расказаць можа!»
Ён сяк-так паправіў шпінгалеты, закрыў акно – хоць у вочы не так кідаецца, схапіў невядома чаму «дыпламат» і пабег да Сцяпанава.
Калі ён зайшоў, Сцяпанаў клаў на апарат тэлефонную трубку. Вінярскі глянуў яму ў вочы і ўсё зразумеў.
– Трэба жонцы званіць… – ціха сказаў Сцяпанаў.
Вінярскі прысеў на крэсла каля парога. У вісках у яго тахкала: «Гэта я – забойца, я – забойца, я – забойца…»
VII
Дождж на пахаванні – заўсёды натуральна; прырода нібы сама смуткуе па нябожчыку, плача, шкадуе яго… Рэдкі дождж, нізкія цёмныя хмары, крыжы, помнікі, пах сырой могілкавай цвілі, высокія, мокрыя, строгія дрэвы, кроны якіх абляпілі чорныя вароны і зрэдку крычаць, у тон ціхаму галашэнню… Усё гэта так падыходзіць да настрою людзей, што сабраліся разам, кінуўшы ўсе справы, на самую важную ў жыцці, самую страшную цырымонію – назаўсёды закапаць у зямлю аднаго з іх.
Зрэшты, людзей на пахаванне Стэльмаха прыйшло нямнога. Дождж, нібы разумеючы, што гэта на развітанне, шчодра крапіў труну, белы, мёртвы твар чалавека ў труне, церусіўся