ТОП просматриваемых книг сайта:
Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская
Читать онлайн.Название Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Год выпуска 2015
isbn 978-985-02-1428-7
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Издательство Электронная книгарня
– Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!.. Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!..
Выкрыкі былі ўжо мала падобныя да чалавечых. Анэта адчувала, што з яе надарваных грудзей выходзіць толькі хрыплы свіст. У моманты прасвятлення ўсведамлялася, якія халодныя рукі ў тых, хто побач: справа – худы і светлы, як трыснёг, мніх-мінарыт, у бурым плашчы са спічастым каптуром; злева – сівагаловы мечнік Лаўрын, у якога нядаўна памерла ўся сям’я… І ў таго, і ў другога далоні – як ільдзяныя абцугі. Нібыта цябе трымае сама смерць… А хіба не так? Нехта паспрабаваў вырваць Анэту з людскога кола…
Голас Богуша гучаў зусім побач:
– Ачніся! У імя Госпада! Пайшлі дадому!
Не, не ў змозе чалавечай спыніць гэтыя скокі… Імчаць, імчаць па коле… Але яна не можа… Не можа больш… Упасці… Стаць зямлёй… Пылам пад чужымі нагамі…
На царкоўнай званіцы ўдарыў звон – няўмольна-ўладарна. І карагод закруціўся з новай сілай.
– Ю-ры! Ю-ры! Па-ра-туй!
Пошасць прыйшла ў Старавежск з восеньскім ветрам, перавітым сівым павуціннем, з горкім пахам верасу, і як павуцінкі бабінага лета, паляцелі лёсы ў невядомы вырай, пакідаючы жывым адчай збуцвелай лістоты. Спыняліся млыны, пераставалі стукаць молаты кавалёў, абміналі горад шаноўныя купцы, і тыя, хто застаўся жывы, не мелі чым прывязаць душу да цела… Вялікі князь абяцаў дапамогу. За гэта горад мусіў расплаціцца часткай волі. Але пра старавежцаў суседзі нездарма казалі: «Хоць лоб медны, але ж мур каменны», ды яшчэ пляткарылі, як старавежцы сеялі ваўчыныя зубы вакол студні, каб выраслі пакрытыя поўсцю воі, ці пра тое, што ў падзямеллях гарадскіх цякуць мядовыя крыніцы, і што кожны старавежац умее апоўначы шапкай злавіць чырвоную мятлушку, каб смажыць блінцы на яе незгасальным агні. Пасланцы Вялікага князя атрымалі «гарбуза». Ды, пакуль яны ўгаворвалі ўпартых месцічаў прымірыцца з князем, сталася яшчэ горш – за пошасцю пачаўся шал… Карагод смерці.
Біскуп, дасланы ў Старавежск Вялікім князем, спалохана і трохі грэбліва назіраў з вакна ратушы за шаленцамі, трымаючы ля носу ладанку з зёлкамі.
– Прасвяты Божа, што рабіць? Палова магістрату скача… Настаяцель храма! Цэлы дзень сядзім тут, як у аблозе… Можа, паслаць варту – спыніць іх?
– Бескарысна, – Гервасі Бернацоні, лекар Вялікага князя, што прыехаў разам з біскупам, абыякава скрывіў тонкія вусны. – Я бачыў падобнае шмат разоў. У Фларэнцыі гэта называецца скокі святога Гюі. У Эльзасе – скокі святога Віта. У Кёльне шаленцы звярталіся да святога Ёгана… Тутэйшыя, ліцвіны, заклікаюць святога Юр’я… Я называю гэта скокамі смерці. Звычайна такое здараецца, калі пошасць забірае больш за палову жыхароў места.
Адна з жанчын шалёнага карагоду ўпала. Двое смельчакоў з варты падбеглі і адцягнулі кабету – яна была нібыта спруцянелая, толькі ногі ў збітых да дзірак кабцях усё яшчэ тузаліся, усё яшчэ працягвалі смяротны танец ды з вуснаў, на якіх засохла шэрая ад пылу пена, вылятаў