Скачать книгу

кубка славы… А потым сустрэнемся ля адной сцяны – у вышчарбінах ад куль… І, магчыма, у кагосьці ў руках будзе рэвальвер, а ў кагосьці – пустэча безнадзейнасці.

      – Ну, вы й нагаварылі тут, дзядзька Андрэй, – бесклапотна рассмяялася Зося. – Нават цмок спалохаўся… Пачакайце, мы яшчэ запросім вас на выставу Ноя…

      – На якой будуць твае партрэты, Зося! Ты… ты дазволіш мне намаляваць цябе? – Ной глядзеў на дзяўчыну з такой трывогай і напружаннем, нібыта яна, як дачка Жыжаля, зараз зварухне вейкамі, і агонь спаліць сэрцы.

      – Малюй, што мне, шкада… – адказала Зося перабольшана абыякавым голасам.

      Але Ной не захацеў пачуць гэтай абыякавасці і з удзячнасцю дакрануўся да рукі прыгажуні – лёгка, як да аблачынкі… Але рука мастака здрыганулася, нібыта ён сапраўды дакрануўся да агню…

      – А вось мае шляхетныя продкі малявальшчыкаў лічылі за дворню, – лена прамовіў Улад. – Праўда, відачынцаў ды блазнаў яны лічылі за яшчэ ніжэйшае саслоўе – як у Індыі каста недатыкальных. Так што я ў іх вачах – ізгой… Вылюдак… Моцныя людзі, уладары свайго часу не любяць вымыслаў. Нядаўна вычытаў верш нейкага пачаткоўца Кудзелькі пад назвай «Скокі на могілках»: «Годзе плакаць і вам над Рагнедаю, І, зірнуўшы ў мінулае, цяжка ўздыхаць…

      Новы дзень хай вам казку паведае, Чыю ў песнях усхваліваць раць.»

      Проста дзеля нас парада. Ной скрывіўся:

      – Ну, гэта толькі па юначай маладосці можна рэкнуць… Гэты Кудзелька пад імем Міхась Чарот сам рамантычных вершаў панапісваў. І ніводнай уладзе не прыдзе ў галаву, скажам, заараць могілкі або пабудаваць на магілах тэатр.

      – Мы яшчэ не ведаем, на што здольная гэтая ўлада. – Пан Беларэцкі падняў каўнер сурдута. Нібыта яму стала холадна. У шыбы ўдарыў вецер, і дом затрашчаў, зашапталіся па ягоных вуглах цені, нібыта паветнік – страшная шасцікрылая птушка – выявіў у гаспадарцы недагляд і цяпер грозіць нядбайнаму гаспадару.

      Улад таксама сцепануўся, нібы ад сіверу.

      – Партрэт свой не кожнаму можна даверыць пісаць. Выявы, зробленыя асабліва старанна, могуць быць проста небяспечнымі для сваіх арыгіналаў…

      – Што ты выдумляеш? – азваўся Ной. – Партрэт Дарыяна Грэя ўспомніў?

      Малады артыст адмоўна паківаў галавой.

      – Ды не… Нават мой знаёмы скульптар распавядаў, што калі здымае з каго гіпсавую маску, дык асабліва чуйным асобам пасля гэтай працэдуры дрэнна, нібыта пасля крывапушчання. Паспрабуй сфатаграфаваць або намаляваць індзейца або бедуіна – палічыць, што ты яго забіць хочаш… Вунь у мінулым стагоддзі вылавілі ў моры неверагодна прыгожую драўляную скульптуру, якая ўпрыгожвала калісь нос карабля. На скульптуры знайшлі надпіс: «Аталанта»… Пакуль давезлі да берага – карабельны штурман застрэліўся ад кахання да гэтага кавалка драўніны. Потым засіліўся наглядчык музея, у які яе змясцілі… Кажуць, праседжваў перад Аталантай дні і ночы, вачэй не адрываючы… Я сам ведаю падобную гісторыю – ад бацькі.

      Дарота паставіла перад Уладам новы кубак

Скачать книгу